Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

звалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачацца; ‑лачомся, ‑лачацеся; зак.

Разм.

1. Сысці куды‑н. Карова невядома куды звалаклася.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сысціся, сабрацца адусюль у адно месца (пра ўсіх, многіх).

зва́лены 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зваліць ​1.

зва́лены 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зваліць ​2.

звалі́цца 1, звалюся, звалішся, зваліцца; зак.

1. Упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Колас. [Таня] неасцярожна кранула стол, шклянка звалілася на падлогу і са звонам разбілася. Шахавец. // Упасці параненым, падбітым, забітым. У жахлівай неразбярысе бою ніхто не заўважыў нават, як зваліўся .. [Сярожа], падкошаны разрыўной куляй. Асіпенка. Некалькі параненых чалавек звалілася на зямлю. Чорны. // Упасці ад стомы. Патапчык ускочыў у гушчар і, прабегшы сажняў дзвесце, ад стомы зваліўся на купіну. Чарнышэвіч. // перан.; на каго-што. Раптоўна выпасці, дастацца каму‑н. на долю. Мінула з тыдзень часу, і новая бяда-напасць звалілася на дзеда Мікалая. Якімовіч. // перан.; з каго-чаго і без дап. Перастаць турбаваць каго‑н., знікнуць (пра цяжкі душэўны стан, клопаты і пад.). [Таццяна] спынілася і лёгка ўздыхнула. Велізарны цяжар небяспекі, які балюча ціснуў на сэрца апошнія кіламетры, зваліўся адразу. Шамякін. Усё благое звалілася з .. [Сымонавай] душы і знікла. Чарнышэвіч.

2. Разм. Захварэць (звычайна моцна, сур’ёзна). Ён увесь час дрэнна адчуваў сябе і, нарэшце, зваліўся.

•••

Гара з плячэй звалілася гл. гара.

Зваліцца з ног — знемагчыся, злегчы ад хваробы, працы, гора і пад.

Зваліцца з плячэй — зусім знасіцца (пра адзенне).

Карона з галавы не зваліцца гл. карона.

Як з неба зваліўся — а) нечакана з’явіўся; раптоўна адбыўся, здарыўся; б) не разумее таго, што адбываецца навокал.

звалі́цца 2, ‑ліцца; зак.

Атрымацца ў выніку валення (пра вырабы з воўны, пуху). Сукно добра звалілася.

звалі́ць 1, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., каго-што.

1. Ударам або штуршком паваліць, заваліць. Вецер зваліў дрэвы. □ Сушчыцкі хацеў абараніцца нажом, але не паспеў, — пагранічнік спрытна зваліў яго. Пальчэўскі. // Спілаваць, ссячы (дрэва, лес). — Сляды прывялі ў гэты двор, — зычна пачынае [Драгун]. — Самаўпраўная парубка. Гаспадар гэтага дома зваліў дзве сасны. Навуменка. // Зрэзаць, скасіць (пра траву). Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч. // Прымусіць упасці, забіўшы або падстрэліўшы. — Біў я ў цэль. Калі б не я яго, дык ён мяне зваліў. Гурскі. // перан. Пазбавіць улады, пасады; скінуць. «Ты думаеш, так і зваліш Бабейку? Пачакай, пабачым яшчэ, хто каго...» Хадкевіч.

2. перан. Адолець, асіліць каго‑н. (пра сон, хваробу і пад.). Сон зваліў. □ Гарачка зваліла .. [Аляксея Мартынавіча] на нары. Грамовіч.

3. Скінуць (што‑н. вельмі цяжкае). Зваліць мех з плячэй. // перан. Збавіць сябе ад чаго‑н. цяжкага, непрыемнага. Зваліць з сябе клопат.

4. перан.; на каго-што. Пералажыць на каго‑н. (свае абавязкі, справы і пад.). Малодшы сын рашыў астацца дома і памагаць брату па гаспадарцы, бо старэйшы не глядзеў яе зусім, усё зваліў на старога бацьку. Дамашэвіч. // Несправядліва прыпісаць каму‑н. чужую віну, учынак. — Ты ж вінаваты... Толькі, мусіць, усё роўна на мой узвод зваляць. Мележ.

5. Неакуратна скідаць, беспарадкава злажыць куды‑н. у адно месца. Зваліць дровы ў кучу.

•••

Зваліць з ног — а) прымусіць упасці. [Саўку] нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног. Колас; б) прымусіць злегчы (пра хваробу, працу, гора і пад.). Хваляванні, бяссонныя ночы, думы пра лёс камуны звалілі .. [Вераб’ёва] з ног. Дуброўскі.

Зваліць з плячэй — збавіцца ад чаго‑н. непрыемнага, цяжкага.

Зваліць з хворай галавы на здаровую — перакласці віну з вінаватага на нявіннага.

звалі́ць 2, звалю́, зва́ліш, зва́ліць; зак., што.

Зрабіць з шэрсці, пуху і пад. шляхам валення. Зваліць валёнкі. Зваліць сукно.

зва́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. звальваць — зваліць ​1 (у 3, 5 знач.).

2. Беспарадкава накіданая куча чаго‑н. Аднаго разу Міхальчук ішоў каля РТС і ў звалцы старога жалеза заўважыў тры іржавыя карпусы ад жняярак. Карпюк.

3. Месца, куды звозяць, выкідваюць смецце, непрыгодныя рэчы. Гарадская звалка.

звало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад звалачы.

зва́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. звальваць — зваліць ​1.

зва́львацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зваліцца ​1.

2. Зал. да звальваць.

зва́львацца 2, ‑аецца.

Незак. да зваліцца ​2.

зва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зваліць ​1.

звальне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. звальняць — звольніць і звальняцца — звольніцца; пастаяннае або часовае вызваленне ад працы, службы і пад. Падаць заяву аб звальненні. □ Быў выхадны дзень, салдатам далі звальненне. Хомчанка.