Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

збянтэ́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад збянтэжыць.

2. у знач. прым. Разгублены, атарапелы. І дзівіўся замежны збянтэжаны пан: нечуваная сіла ў рабочых, сялян! Дубоўка. // Які выражае разгубленасць, атарапеласць. Збянтэжаны выгляд. Збянтэжаны твар.

збянтэ́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Прыйсці ў замяшанне; разгубіцца, атарапець. Лабановіч трохі збянтэжыўся. Само слова «Ядвіся» балюча адгукнулася ў сэрцы, і назіральны Турсевіч гэта заўважыў. Колас. Каваль, убачыўшы гэтага чалавека ля жорнаў, спачатку на момант збянтэжыўся, збялеў і закалаціўся. Чорны.

збянтэ́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго.

Выклікаць у каго‑н. замяшанне, разгубленасць. Нечаканасць Юрасёвых пытанняў зусім збянтэжыла дзяўчыну. Гарбук. Апоўначы выбух адкінуў вароты, збянтэжыў сваёй нечаканасцю варту. Дубоўка.

зва́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.

Разм. Прывабіць, спакусіць. [Юлю] ахапіў жах — гэта ж не хто, а яна звабіла дзяцей, завяла іх на каланчу... Сачанка.

зва́блівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прывабны, спакуслівы. [Альшэўскі] рушыў у бор, які зваблівай сцяной сінее на даляглядзе. Навуменка.

зва́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Тое, што і звадка.

•••

Ні да рады, ні да звады гл. рада.

звадзі́ць, зваджу, зводзіш, зводзіць; зак., каго-што.

Адвесці куды‑н. і прывесці назад; дапамагчы схадзіць куды‑н., пабыць дзе‑н. Звадзіць хворага к доктару. □ Як конь астыў, [Міхал] зводзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса. Чорны.

звадзяне́ць, ‑ее; зак.

Стаць вадзяністым. Чарніла звадзянела.

зва́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Склока, сварка. На што ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і гора, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор? Багдановіч.

звадкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. звадкаваць.