крыз, ‑у, м.
Раптоўнае рэзкае абвастрэнне захворвання. Гіпертанічны крыз.
[Ад фр. crise — прыступ.]
кры́зіс, ‑у, м.
1. Рэзкі пералом, пераходны стан, абвастрэнне становішча. Адчуваецца крызіс мяшчанскай сям’і, што існуе на маральных асновах старой патрыярхальнай Расіі. «Полымя».
2. Пераломны момант у ходзе хваробы, які вядзе да паляпшэння або пагаршэння стану хворага. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон. Ермаловіч.
3. Перыядычная перавытворчасць тавараў у капіталістычнай гаспадарцы, якая вядзе да разарэння дробных вытворцаў, да скарачэння вытворчасці, да павелічэння колькасці беспрацоўных. Эканамічны крызіс. Прамысловы крызіс.
4. Недахоп чаго‑н., цяжкасці з чым‑н. Паліўны крызіс. Жыллёвы крызіс. // Разм. Цяжкае становішча, безграшоўе. Крызіс з грашамі.
•••
Палітычны крызіс — палітычнае становішча, якое характарызуецца рэзкім абвастрэннем класавай барацьбы працоўных супраць пануючай эксплуататарскай вярхушкі і няздольнасцю апошняй кіраваць грамадствам.
Урадавы крызіс — перыяд, калі пытанне аб адстаўцы старога ўраду рашылася, а новы ўрад яшчэ не сфарміраваўся.
[Ад грэч. krísis — рашэнне, прыгавор.]
кры́зісны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да крызісу. Крызісны момант. Крызіснае становішча.
крык, ‑у, м.
1. Вельмі моцны, рэзкі гук голасу. Бывала, ўлетку, ў час рабочы Не раз там чуўся крык вясёлы: — Го, тата! дзядзька! выйшлі пчолы! Колас. // Плач уголас (пра дзяцей). — Ма-ма! — даляцеў адчайны дзіцячы крык, перамешаны з плачам. Васілевіч. // Пра рэзкія гукі, якія ўтвараюцца птушкамі, жывёламі. Жураўліны крык. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.
2. перан.; чаго. Моцнае праяўленне якога‑н. пачуцця. — Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. Шамякін.
3. Папрокі, нападкі рэзкім, павышаным тонам; сварка, лаянка. Падняць крык. □ — С-слухай... як цябе там... танцор... Ведаеш, не магу я глядзець на тваю работу... — І перайшоў на крык, прарэзлівы, хрыплы: — Брыгадзір! Дзе брыгадзір?! Вышынскі.
•••
(Апошні) крык моды — пра модную навінку [пераклад з фр. dernier cri (de la mode).]
крыке́т, ‑а, М ‑кеце, м.
Гульня ў мяч, пры якой ігракі, падзяліўшыся на дзве групы, імкнуцца збіць мячом вароты праціўніка (тры слупкі з перакладзінкамі).
[Англ. cricket.]
крыклі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць крыклівага. Крыклівасць голасу.
крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.
2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.
3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.
4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.
кры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да крычаць (у 1, 3 знач.).
кры́кса, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.
Разм. Пра крыклівае і плаксівае дзіця. Праз колькі часу сын радзіўся ў іх, на дзіва ўдаўся нейкі крыкса-плакса. Дубоўка. // Пра крыклівага чалавека.
крыку́н, ‑а, м.
Разм.
1. Пра таго, хто многа крычыць, плача. Крыклівы чалавек. Крыклівае дзіця.
2. Пра пустога, мнагаслоўнага прамоўцу, а таксама пра ўсякага ахвотніка да спрэчак. — Добрым будзе бальшавіком, Таццяна Давыдаўна, — адказваў Віталеў. — Не крыкуном, а сапраўдным будаўніком камунізма. Асіпенка. [Кірыла:] Разумееш, народ наш навучыўся кіраваць, яму не патрэбны ні апекуны, ні паганятыя, ні тым больш крыкуны. Гурскі.