Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе.

Зак. да будаваць.

збудзі́цца, збуджуся, збудзішся, збудзіцца; зак.

Разм. Прачнуцца, абудзіцца. Аколіца-аселіца Пад ногі сонцам сцелецца... Збудзіўся гаспадар! Купала.

збудзі́ць, збуджу, збудзіш, збудзіць; зак., каго-што.

Разм. Разбудзіць, абудзіць. [Мужчыны] збудзілі Алесю стукам у акно. Пестрак. Ранні золак збудзілі цягнікоў гудкі. Танк.

збузава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад збузаваць.

збузава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.

Разм. Падраць, патрапаць што‑н., не шкадуючы. Збузаваць сукенку. □ [Маці:] — Глянь лепей, як ты штаны за тыдзень збузаваў. Грошай на аднаго цябе не набрацца. Васілевіч. // Наогул сапсаваць, знішчыць што‑н. нядбайным абыходжаннем. Ніхто яго [пагранічны лес].. не стопча, нічыя сякера тут нават не цюкне. Хіба от толькі што збузавалі кавалачак маладняку на кантрольнай паласе. Сабаленка.

збунтава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змяшацца, пераблытацца. Думкі ў галаве збунтаваліся. Гульня збунтавалася.

2. Падняць бунт; узбунтавацца. У гміне павінен спешна адбыцца суд над сялянамі, больш чым над палавінай вёскі, якія збунтаваліся і не пайшлі да пана на работу. Чарот.

збунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

Разм.

1. Змяшаць, пераблытаць што‑н. — [Птушкі] на момант збунтавалі строй і закружыліся на адным месцы. Ляўданскі. — Эх, Толя, Толя! Як ты ўсё збунтаваў, пераблытаў! Як быццам я тады, на возе сена, не так сабе, а прадчуваючы нешта, успамінаў цябе. Брыль.

2. Падняць на бунт; узбунтаваць. Збунтаваць народ.

збуцве́лы, ‑ая, ‑ае.

Які збуцвеў; сапрэлы, струхлелы, спарахнелы. Саламяныя стрэхі, крытыя шмат гадоў назад, асунуліся, паразлазіліся, паказвалі свае збуцвелыя рэбры і цёмныя правалы. Колас. Воддаль .. нахіліўся да зямлі зложаны .. даўнішні збуцвелы крыж, парахня-парахнёй. Пташнікаў.

збуцве́ць, ‑ее; зак.

Гніючы, ператварыцца ў парахню; сапрэць, струхлець. Зробленыя з альховых ці бярозавых плашак, .. [буданы] за тры гады збуцвелі, зараслі крапівай і хмызняком. Шчарбатаў.

збуя́лы, ‑ая, ‑ае.

Які збуяў, пышна разросся (пра расліны). За высокім, месцамі, пэўна, збуялым каліўем бульбы з вуліцы амаль не відна тая лазенька, у якой перажыў акупацыю стары Банэдык. Кулакоўскі.