Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

збро́йнік, ‑а, м.

Спецыяліст па вырабу зброі; збраяроб.

збро́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і зброевы.

збро́я, ‑і, ж.

1. Прылада, рэч для нападу ці абароны. Адама зачынілі ў зямлянцы разведчыкаў, цішком забраўшы адтуль усё, што магло быць зброяй. Брыль. [Юнакі] і зброю падрыхтавалі сабе: знайшлі пяць вінтовак і ўкралі ў немцаў два аўтаматы і скрыню гранат. Шамякін. / у знач. зб. Супроцьтанкавая зброя. Ядзерная зброя. / Пра чыю‑н. армію, ваенную сілу. Сіла савецкай зброі.

2. перан. Сродак, спосаб для дасягнення, здзяйснення чаго‑н. Марксізм-ленінізм — вялікая ідэйная зброя, якая мабілізуе і арганізуе мільёны людзей для руху наперад, для новых перамог. «Полымя». Мастацтва павінна служыць зброяй для замацавання і ўглыблення новага ладу жыцця. Бядуля.

•••

Агнястрэльная зброя — зброя, якая страляе пры дапамозе пораху ці іншых выбуховых рэчываў.

Халодная зброя — зброя для рукапашнага бою, якой сякуць і колюць (кап’ё, меч, шабля, штык і інш.).

Бразгат, зброяй гл. бразгаць.

Скласці зброю гл. скласці.

Узняць зброю гл. узняць.

збру́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Забрудзіць моцна, па ўсёй паверхні. Збрудзіў усю сарочку.

збру́евы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збруі, прадметаў вупражы.

збру́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збруі, прызначаны для захавання збруі. Збруйны склад.

збру́я, ‑і, ж.

Прадметы і прыналежнасць для запрагання або сядлання коней і другіх цяглавых жывёл; вупраж. Мікалай Буткавец — вядомы ў акрузе майстар па рамонту збруі — суткамі не разгінацся над хамутамі і набадрамі. Курто. Брыгадзір назіраў збоку. Калі коні былі запрэжаны, ён праверыў, Ці добра ляжыць збруя. Якімовіч.

збрыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. збрываць — збрыць.

збрыва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да збрываць.

збрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да збрыць.