зброд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.
Разм., пагард. Бязладнае зборышча выпадковых людзей. Усякі зброд. □ Вам імпануе гэты зброд? — спытаў [Альшэўскі] у Марысі, паказваючы на дзядзькоў, што сядзелі непадалёк. Бажко. // Пра шкодных, небяспечных для грамадства людзей. Панскі зброд. Фашысцкі зброд. □ І калі яшчэ не пакаралі — Пакараем той крывавы зброд, Тых, што чалавецтва абакралі На мільёны год. Панчанка.
збро́джванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зброджваць — збрадзіць і зброджвацца — збрадзіцца.
збро́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да збрадзіць.
збро́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Шкадлівы, памаўзлівы. Я стаў пастухом, якому даверылі злых збродлівых гусей і чатыры рабыя свінні. Асіпенка. Збродлівай кошцы хвост уцінаюць. Прымаўка.
збро́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Выпадкова сабраны; разнародны, разнамасны. Збродная кампанія. □ Свабодалюбны мой народ! Супроць фашысцкай банды зброднай Ты мужна рушыў у паход. Глебка.
збро́евы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да зброі, прызначаны для вырабу і рамонту зброі. Зброевы завод. Зброевая майстэрня.
збро́йнік, ‑а, м.
Спецыяліст па вырабу зброі; збраяроб.