Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

зблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зблытаць.

зблядне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў бледным. Кацярына стаяла перад.. [Андрыянам], незвычайна збляднелая і разгубленая. Марціновіч.

зблядне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць бледным. Твар збляднеў. Месяц збляднеў. □ Ганна збляднела; яна не чакала гэтай гаворкі [пра бацьку] цяпер, была зусім непадрыхтаваная да такога пытання ў гэты вечар. Савіцкі. Збляднела зарава пажару. Лынькоў.

збля́клы і збле́клы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў яркасць афарбоўкі, выцвіў. І ясная зара, і чароўная ціхая ноч, і збляклыя рэдкія зоры.. — усе начныя з’явы і гукі адбіваюцца ў яго сэрцы. Дуброўскі.

2. Які завяў, страціў свежасць. Вунь купаю дрэвы, Між іх — журавель. Кіруем налева Па збляклай траве. Крапіва. / Пра чалавека, яго твар. Марына Паўлаўна запаліла святло, і яно цьмяна азарыла твар яе, стараваты ўжо, збляклы. Зарэцкі.

збля́кнуць і збле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць яркасць афарбоўкі; выцвісці. Матэрыя зблекла. □ Зара тым часам падалася ўправа, і светлы ветразь яе зменшыўся, ружовыя фарбы збляклі. Дуброўскі.

2. Завянуць, страціць свежасць (пра расліны). Зблякла трава. / Пра чалавека, яго твар. Вочы .. [Сцяпана] на момант загарэліся, але тут жа і збляклі. Васілёнак.

збо́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да збойкі. Збоечны штрэк.

збо́жжа, ‑а, н.

1. Агульная назва хлебных злакавых раслін, з зерня якіх вырабляецца мука і крупы. Пасеяць збожжа. □ У збожжа ўсякая ніва прыбралася, — Хараства там якога няма! Купала. Збожжа прагна лавіла ўзнятымі каласамі сонечнае праменне. Гартны.

2. зб. Зерне, насенне гэтых раслін. Ссыпаць збожжа ў засекі. Змалоць збожжа. □ Я па вуліцы крочу. Калгаснік-сусед Воз вязе, поўна збожжам нагружаны. Расчыняйце вароты, гатуйце засек, Сустракайце вясёлымі ружамі! Панчанка.

збожжа...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае словам: «збожжа», «збожжавы», напрыклад: збожжанарыхтоўка, збожжаўборка, збожжасховішча.

збо́жжавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да збожжа; звязаны са збожжам. Збожжавая праблема. Збожжавы фураж.

2. Які з’яўляецца збожжам. Збожжавыя культуры. // у знач. наз. збо́жжавыя, ‑ых, мн. Злакавыя сельскагаспадарчыя расліны (жыта, пшаніца, ячмень, авёс і інш.), зерне якіх скарыстоўваецца для атрымання прадуктаў харчавання і фуражу. Сяўба збожжавых.

збожжавытво́рчы, ‑ая, ‑ае.

Які займаецца вырошчваннем, вытворчасцю збожжа. Збожжавытворчыя краіны.