смо́лкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і смалісты (у 1 знач.). Ліплі да пальцаў смолкія стружкі і трэскі, якія Міша кідаў у агонь. Арочка.
2. Намазаны, насычаны смалой (у 2 знач.). І квач, кудзеляю абкручаны, Па смолкай грубцы гарцаваў. Свірка.
смоль, ‑і, ж.
1. Смала (звычайна ў паэтычнай мове). Пахне смоллю Лясной, Аплывае жывіца. Лужанін. Усё было мне міла тут: Над Нёманам зялёны кут, Палі шырокія, узгоркі, І смоль сасны, і ў небе зоркі. Астрэйка. Векавечны, хмуры бор Горда ўзносіцца высокі, Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Жылка.
2. Смалісты кавалак драўніны; смаліна. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на к[а]мінку смоль.., здалася прытульнай, цёплай. Галавач.
3. Гарэлае, гар; смаль. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю. Лынькоў. Ад Бугроў нясло чадам і смоллю. М. Ткачоў.
4. перан. Пра чорныя валасы; наогул што‑н. чорнае. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў. Лынькоў. Кубанак смоль, Чупрын віхры — любому заглядзецца... Калачынскі.
•••
Як смоль (чорны) — вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы).
смо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць смольнага. Смольнасць дрэва.
смо́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і смалісты. Ярка на камінку Смольны корч палае. Колас. Ад смольнага паху, разамлелай гарачыні злёгку кружыцца галава, стукае ў скронях. Навуменка. Ведай — лесаруба цяжкая работа, Трэба спрыт і дужасць смольны лес валіць. Хведаровіч. Святло падала на шчаку з ямачкай, на смольныя валасы і зграбную белую шыю. Алешка.
смо́льшчык, ‑а. м.
Рабочы, які займаецца смаленнем чаго‑н.
смо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і шморгаць. Сморгаць носам. □ — Но-о, паехалі! — сморгаў Мікалай коней за лейцы. Паслядовіч. Збянтэжаны Галілей тупаў каля Таццяны, сморгаў яе чамусьці за локаць і ўгаворваў: — Гэта, Таццяначка, добрыя слёзы... Зарэцкі.
сморж, смаржа, м.
Разм. Тое, што і смаржок. — Гэта смаржы, — сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў .. [грыбы]. Маўр.
смоўж, смаўжа, м.
Тое, што і слімак. Смоўж мокры, як скручаны слівень, Ляжаў, павялічаны шклом. Калачынскі. [Алёша:] — Ведаеш, Рая... Мне страшэнна не падабаецца, што гэты прылізаны смоўж, — кіўнуў ён у бок Арэшкіна, — гэты Хлестакоў жыве ў вас... Шамякін.
смоўжападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны да смаўжа.
смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.
1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца. Колас. Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Чарнышэвіч. Ранішняя смуга памалу рассейваецца. С. Александровіч. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка. Мележ. // Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса. Паслядовіч. // Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы. Шахавец. На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела. Бялевіч. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу. Быкаў.
2. перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой. Хадкевіч. // Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла. Колас. // Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха... Кусянкоў.
3. перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў. // Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу. Калачынскі.