смарка́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. зневаж. Жан. да смаркач (у 3 знач.).
смарку́н, ‑а. м.
Разм. зневаж. Тое, што і смаркач (у 3 знач.). [Дзяўчаты:] — Работнічкі з вас, смаркуны няшчасныя, ямку рые каторы, як курыца грабе! Лынькоў.
смарчо́к, ‑чка, м.
Тое, што і смаржок. — Хутка смарчкі расці пачнуць, — сказаў Мацвей. — Грыбы такія. Самыя раннія. Лупсякоў. У пушчы, па котлішчах, асцярожна.. зразаў [Алесь] у кошык смарчкі. Гэта было ціхмянае, добрае паляванне. Караткевіч.
смаўжо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да смаўжа, уласцівы яму. Смаўжовыя рожкі.
сма́чна,
1. Прысл. да смачны.
2. безас. у знач. вык. Апетытна, са смакам, з задавальненнем. Смачна было есці ягады з цукрам. // перан. Разм. Прыемна, лёгка, па душы. [Юльцы] вельмі смачна рабіць тое, чаго няможна. Бядуля. А дзеду, бабцы яна [Марынка] удзячна, Што так ласкавымі былі І ім прытулак тут далі. Хоць і самім жыць не так смачна. Колас.
смачне́ць, ‑ее; незак.
Рабіцца, станавіцца больш смачным. [Садавод:] — Плод .. [грушы] мог ляжаць усю зіму і не псаваўся, а ўсё смачнеў. Кулакоўскі.
сма́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на смак (у 1 знач.); апетытны. Смачная цукерка. Смачныя ягады. □ — А мы сёння халаднік елі, — ага! З цыбуляю ды агуркамі. Смачны, смачны, — пахваліўся Сцёпка. Крапіва. Тлустае мяса вугра вельмі смачнае. В. Вольскі. Бульба трапіла смачная — сопкая, разварыстая, лепшая, чым наша. Якімовіч.
2. Які прыносіць здавальненне; прыемны (пра сон). Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора — не дарма ж ён праспаў столькі.. гадзін! Гартны.
3. перан. Разм. Каларытны, сакавіты. І мы, спыніўшыся, рагаталі тым смачным, здаровым смехам, які прыходзіць нячаста. Брыль. Па хаце разлягалася заўзятае, смачнае сапенне.. сонных людзей. Зарэцкі.
•••
Смачны кусок (кавалак) гл. кусок.
сме́ла, прысл.
1. Прысл. да смелы.
2. Разм. Несумненна; з поўнай абгрунтаванасцю. — А новага старшыню ў вас выбраць няцяжка, мы ж ведаем, — сказаў Вітушка, — Любога брыгадзіра можна смела ставіць хоць сёння. Шамякін. Можна смела сказаць, што каб Гальвас крыкнуў на яе... [Аміля] не вытрымала б узятай на сябе ролі. Чорны. — Дык ты лічыш, што я яшчэ не старая? — спытала раптам Галіна. — Ані не старая, — сказаў я. Ты яшчэ смела можаш выскачыць замуж. Васілёнак.
сме́ласць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць смелага. Смеласць выступленне. □ А потым глядзіш, гэты факт, памножаны на смеласць думкі і дасціпнасць домыслу, становіцца ўжо тым грунтам, на якім вырастаюць нарысы, эсэ, манаграфіі. «Маладосць».
2. Смелыя паводзіны; храбрасць, адвага. Смеласць і бясстрашша, якімі валодаў Уладзімір Ільіч, перадаваліся і прысутным. Гурскі. Цяпер адна смеласць [падпольшчыкам] не памагала, патрэбна была яшчэ і хітрасць. Новікаў. У знішчальніка павінна быць дзёрзкая смеласць. Алешка. // Рашучасць. Нініна ўсмешка, мусіць, паддала хлопцу смеласці, ён таксама ўсміхнуўся і сеў каля Ніны. Арабей. А смеласці [у Антона] не хапала падысці, слова сказаць [Паліне]. Кавалёў.