смарга́нец, ‑нцу, м.
Расліна сямейства злакаў з каласкамі, сабранымі ў вялікія або малыя суквецці.
смаржко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да смаржка. Смаржковы соус.
2. у знач. наз. смаржко́выя, ‑ых. Сямейства сумчатых грыбоў, да якога адносяцца смаржкі.
смаржо́к, ‑жка, м.
Ядомы грыб на кароткай ножцы і з шапкай, паверхня якой маршчыністая, у звілістых складках. Кветак ніхто не рваў. Збіралі толькі дробнае шчаўе, і заечую капусту, ды яшчэ смаржкі — светла-карычневыя грыбы. Асіпенка.
смарка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. смаркацца, а таксама гукі гэтага дзеяння.
смаркану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Аднакр. да смаркацца.
смаркану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да смаркаць.
смарка́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, у якога цякуць з носа смаркачы. Малыя, галапузыя, брудныя, смаркатыя дзеці наперабой крычалі есці. Арабей. // Запэцканы смаркачамі. Малыя з чырвонымі смаркатымі насамі ляпілі бабу. Сачанка.
2. перан. Зневаж. Малы, малады; нязначны, няўмелы. [Тарас Тарасавіч:] — Разганю я вашу к[а]мпанію, жаніхі смаркатыя. Асіпенка. — Ах ты, выпаўзень смаркаты, — як бы і не злосна загаварыў Асцюк, — красці вучышся? Марціновіч. / у знач. наз. смарка́ты, ‑ага, м. — Ідзі, ідзі, смаркаты! — махнула вёдрамі Касмініха. Кулакоўскі.
смарка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Рэзкімі выдыхамі ачышчаць свой нос ад слізі. Чыр-р-р... Ч-ч-чыр... — аж шыпяць [сарокі]. Здаецца, нехта прастуджаны ў альшэўніку чысціць нос — смаркаецца. Пташнікаў. Крыўда агарнула Параску, крыўда на ўсіх, хто тут сядзіць, на маці, што плача ды ў хустку смаркаецца. Лобан. Верасневіч моцна на ўвесь двор смаркаецца, а потым старанна прыгладжвае валасы і азіраецца. Мурашка.
смарка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Тое, што і смаркацца. Смаркаць нос.
смарка́ч, ‑а, м.
1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.
2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.
3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.