смарка́ч, ‑а, м.

1. толькі мн. (смаркачы́, ‑оў). Слізь, якая выцякае з носа, збіраецца ў носе. — Смаркачы яшчэ з носа цякуць, а збіраюцца свет перайначыць... Божа ты мой, божа! от дачакаліся! — гаротна выгукваў дзед Піліп. Колас. — Смаркачы вытры! — злосна сказала сакратарка і рушыла назад у пакой. Навуменка.

2. Адна кропля гэтай слізі. Смаркач пад носам.

3. Разм. зневаж. Пра дзіця. Гэтак ішлі гады за гадамі. З смаркача выцягнуўся я ўжо на ладнага дзецюка. Ядвігін Ш. // Пра маладога нявопытнага ў справах чалавека. [Глушак:] «Зноў гэты смаркач [Сцяпан] утыкае нос свой куды не трэба!» Мележ. — Хо! Р-работнічак, танцор няшчасны, а машыну я за цябе ачышчаць буду, га-а? Ну, скажы ты мне, смаркач! — загарлапаніў .. [шафёр], паглядваючы то на застаўку, то на мяне. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)