Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Выгнуты, з загібамі; не роўны, не прамы. Крывы сук. Крывая шабля. □ Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. У лесе ўсякія дрэвы бываюць. Тое крывое, тое аднабокае. Ермаловіч.

2. Ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела). Крывы палец. Крывое плячо. □ Калі ўжо, бывае, няма ніякай работы, — дзед, кульгаючы на крывую левую нагу, абыдзе за дзень усю ваколіцу. Якімовіч.

3. Разм. З пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы. Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч. / у знач. наз. крывы́, ‑ога, м.; крыва́я, ‑ой, ж. Крывы з прамога смяецца. З нар.

4. Перакошаны, пахілены набок. У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло. Зарэцкі. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. // Які дае скажонае адлюстраванне. Крывое люстэрка.

5. перан. Іранічны, пагардлівы (пра позірк, ўсмешку і пад.). Гледзячы Кірылу проста ў вочы.., незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: — Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Шамякін.

6. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж. Спец. Непрамая лінія. Правесці крывую.

7. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж.; чаго. Графічны паказ пры дапамозе крывой лініі суадноснасці колькасных паказчыкаў якога‑н. працэсу. Крывая ападкаў. Крывая тэмпературы.

•••

Глядзець крывым вокам гл. глядзець.

Крывая душа гл. душа.

Крывое кола гл. кола.

крывяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае многа крыві; з кроўю. Крывяністае мяса.

крывя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

Абл. Разбіваць, расціраць да крыві; крывавіць. У наступны момант абодва качаліся па пожні, па свежай раллі, крывянілі адзін аднаму твары, шматавалі сарочкі. Мележ.

крывя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Запечаная ў кішках кроў разам са спецыямі; крывяная каўбаса.

крывяно́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кровазвароту. Крывяносныя сасуды.

крывяны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да крыві (у 1 знач.). Крывяны ціск. // Які складаецца з крыві, змяшчае ў сабе кроў. Крывяная капля. // Прыгатаваны з крыві. Крывяная каўбаса.

крывятво́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з утварэннем крыві і крывяных цельцаў. Крывятворны орган.

кры́га 1, ‑і, ДМ крызе; Р мн. крыг; ж.

Ільдзіна на рацэ, на возеры. З глухім шумам і скрыгатам, напаўзаючы адна на адну, плылі вялізныя крыгі. Краўчанка.

кры́га 2, ‑і, ДМ крызе; Р мн. крыг; ж.

Рыбалоўная снасць у выглядзе двух рухомых палазоў з сеткамі, якой ловяць рыбу ў неглыбокіх зарослых месцах.

крыгало́м, ‑у, м.

Перыяд, калі пачынае ламацца лёд на рэках. Грукоча крыгалом, нібыта кананада. Вялюгін.

крыгахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Рух лёду па цячэнню рэк вясной (у час раставання) і восенню (у час замярзання). На рацэ з грукатам і стогнам, падобным на далёкае водгулле гармат, прашумеў крыгаход, і праз два дні паводка аж да далягляду заліла прырэчныя лугі і палеткі. Краўчанка. На рэчцы крышацца ільдзіны, У белай пене крыгаход. Матэвушаў.