Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сма́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад смажыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны смажаннем. Смажаны заяц. Смажаная рыба. □ «Вось яна, тая ласіха», — думае Данілка, калі маці стаўляе на стол вялікую патэльню смажанага мяса. Бяганская. На кухні пахла свежым булёнам і смажанай цыбуляй. Няхай.

3. у знач. наз. сма́жанае, ‑ага, н. Тое, што і смажаніна. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў сталовую і ставіла ў буфет варанае і смажанае. Карпаў. Стол у зальчыку ажно гнуўся ад блюд са смажаным, вараным, печаным, ад бутэлек з півам і віном. Хадкевіч.

смажо́нка і сма́жанка, ‑і, ДМ нцы, ж.

Тое, што і смажаніна.

сма́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад уздзеяннем тэмпературы, агню рабіцца гатовым да ўжывання як ежа. Пакуль смажыліся скваркі, Турсевіч падгатаваў стол да вячэры. Колас. Там на вясёлым полымі даўно ўжо смажыліся грыбы ў смятане і яечня з вяндлінай, а на моцным дубовым стале чакалі нас сыр, агуркі, мёд, духмяны хлеб з кменам і вялікі збан кіслага малака. В. Вольскі.

2. перан. Разм. Пячыся па сонцы; знаходзіцца ў гарачым месцы. — Нашы людзі пылу не баяцца, — уставіла сваё мачыха. — Нашы людзі на сонцы смажацца, на дажджы купаюцца і пылам прычашчаюцца, дык ім нічога не абыходзіць. Сабаленка. А Віктар, бачыш ты,.. прымусіў сядзець тут і смажыцца на сонцы. Гамолка.

3. Зал. да смажыць (у 1 знач.).

сма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. □ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.

смажэ́нне, ‑я, н.

Разм. Тое, што і смажаніна. [Антаніна Міхайлаўна:] — Давайце крыху перакусім. Закаштуйце майго смажэння і скажыце, ці падыходжу я ў кухаркі. Колас.

смак, ‑у. м.

1. Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі языка рознымі рэчывамі; здольнасць успрымаць такое адчуванне — адно з пяці знешніх пачуццяў. Салодкі смак. Кіслы смак. Горкі смак. Органы смаку. □ [Чалавек] адчуваў толькі чырвоны туман у вачах і салоны смак крыві ў роце. Караткевіч. Дзеці любаваліся чырвонымі карэньчыкамі [радыскі], каштавалі іх на смак і з удзячнасцю пазіралі на маленькую гаспадыню. Бяганская. // Якасць, уласцівасць ежы, якая адчуваецца ў час яды. Дануся ад душы засмяялася, калі даведалася, што я па смаку не адрозніваю гатункаў цукерак і яны для мяне ўсе аднолькава салодкія. Карпюк. Смак гэтых сушаных яблык.. [Язэпка] яшчэ і цяпер памятае. Бядуля. // Апетыт, прыемнае адчуванне ад яды. Варанае мяса і хлеб з’елі з такім смакам, якога даўно не ведалі. Пянкрат. Акраец хлеба ў торбу ўзяў, кавалак сала ўзяў для смаку. Дубоўка. Ходзіць бабка лесам-гаем У хусціначку збірае Даланясты ліст кляновы — Хлеб на ім пячы жытнёвы,.. А бабоўнік кучаравы — Каб не страціць смак да стравы. Танк.

2. перан. Задавальненне, ахвота. [Міхась] прыпёрся спіной да левага крыла «Пабеды» і доўга стаяў, са смакам пакурваючы папяросу. Корбан. [Тамаш] убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Бядуля. Калі студэнт выйшаў на двор і спыніўся каля лаўкі, завознікі слухалі якраз вусаценькага мужчыну, які са смакам і веданнем расказваў пра былога гаспадара млына. Брыль. // Цікавасць, схільнасць да чаго‑н.; сутнасць, сэнс чаго‑н. Страціць смак да жыцця. □ Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва. [Чалавек:] — Я люблю рызыку. Як па лязе брытвы ходзіш... Во ў чым смак... Асіпенка.

•••

Дайсці да смаку гл. дайсці.

(Не) да смаку (быць, прыйсціся і пад.) — (не) падабацца, (не) спадабацца каму‑н. Жаласлівасць чужых цётак Ваню была не да смаку. Бядуля. [Маланка] баялася, ці прыйдуцца да смаку гасцям яе аладкі. Грамовіч.

Увайсці ў смак гл. увайсці.

смакава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. смакаваць.

смакава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад смакаваць.

смакава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да смакаваць.

смакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Разм.

1. Есці або піць паволі, з асалодай, стараючыся адчуць смак чаго‑н. Але ж якім потым мёдам частавала маці, — еў бы, здаецца, штодня ды смакаваў бы! Лынькоў. Смакуюць ягады малыя... А пасівелыя дзяды Гады прыпомнілі былыя. І. Калеснік. [Лялькевіч] выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць павольна, смакуючы кожны глыток. Шамякін.

2. Есці або піць на пробу. Толькі пры лоўлі карася, ляшча і асабліва ліня, якія спачатку смакуюць, а ўжо потым глытаюць насадку, магчыма адхіленне ад.. правіла. Матрунёнак.

3. перан. Успрымаць, перажываць што‑н., адчуваючы асаблівае задавальненне; цешыцца з чаго‑н., радавацца чаму‑н. Варожыя языкі ахвотна перамолвалі ўсю гэту бязглуздзіца, упрыгожвалі яе не менш бязглуздымі дадаткамі, смакавалі з усіх бакоў. Крапіва. Мне хацелася смакаваць гэты сон, забыцца ў ім хоць на нейкую хвілю пра ўсё, хацелася працягнуць яго як мага далей. С. Александровіч. Памчымся мы на ніз крыніцы, Аж толькі вецер засвідруе! — Язду ўжо дзядзька тут смакуе. Колас.