смажыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.

1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.

2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. ▪ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.

3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)