Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сляса́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і слясарыць. Паходня, часта заходзячы ў майстэрню, з прыемнасцю ўслухоўваўся ў шум і лёскат, прыглядаўся да працы людзей, гутарыў з імі, а іншы раз і сам слясарнічаў або ўвіхаўся за такарным станком. Хадкевіч.

сляса́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апрацоўкі металу ручным спосабам. Слясарны інструмент. Слясарная справа. Слясарная майстэрня.

сляса́рня, ‑і, ж.

Слясарная майстэрня. Па гарбарнях ды слясарнях, сярод краўцоў, шапачнікаў ды шчотачнікаў пайшлі гутаркі наконт урачыстага святкавання 1 Мая. Гартны.

сляса́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Працаваць слесарам, выконваць слясарную работу. — А дзе.. [сын] працуе? — спытала Люба. [Лукер’я Назараўна:] — У гаражы. Шафёрам быў, а цяпер слясарыць, рамантуе... Марціновіч.

сма́га, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

сма́глы, ‑ая, ‑ае.

Перасохлы, сасмаглы. Прыкрыўшы маскай смаглы рот, Герой працягвае палёт І прабіваецца да сонца. Крапіва. З тых дзён, калі падносяць кубак славы, Я лішняе спакусы не глыну, Бо ўсё яшчэ мне помніцца гаркавы На смаглых вуснах прысмак палыну. Куляшоў.

сма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні. Ён [Рыгор] трызніў, смаг, прасіў ён піць, А смерць ужо шаптала: — Табе не ўстаць, Табе не жыць. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот). Губы смагнуць. / у безас. ужыв. У горле смагла, але піць не хацелася. Гартны. // Сохнуць, перасыхаць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. І смаглі ўнізе на галлі Лісты зусім сухія. Кляўко.

3. перан. Прагнуць, моцна хацець чаго‑н. Разгінаючы дужыя рукі, Працавітыя людзі ў лясах Смаглі гэтага звону і груку, Сумавалі аб ім па начах. Глебка.

смажані́на, ‑ы, ж.

Страва, яда, звычайна з мяса, прыгатаваная смажаннем. — Не выкладай у міску гэтай смажаніны, — сказаў Верабей Сцепанідзе, — стаў з патэльняй. Пестрак. Што за смажаніна выйшла.. — невядома, бо з’едзена яна была ў адзін міг. Маўр.

сма́жанка,

гл. смажонка.

сма́жанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. смажыць (у 1 знач.).