смага, ‑і, ДМ смазе, ж.

1. Моцнае жаданне піць. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самой вадой рэчкі і піць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. Галавач.

2. Недахоп вільгаці, суша, спёка. І папраўдзе, усё дакляравала добрую ноч: неба чыстае, звонкае, а ў вечар асядае ўжо .. гарачыня і смага. Скрыган. А што б вадзе гэтай млын круціць, на палі разліцца, калі пасевы гараць ад смагі? Лобан.

3. перан. Разм. Моцнае імкненне да чаго‑н. У тыя дні.. [Тадаровіч] выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагі да жыцця і чуючы перад сабой адно — чорную навісь смяртэльнае навалы. Чорны.

•••

Сагнаць смагу гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)