Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сляза́, ы́; мн. слёзы (з ліч. 2, 3, 4 слязы́), слёз; ж.

1. толькі мн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Лынькоў. На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю. Краўчанка. Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. Брыль. Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю. Колас. / адз. у знач. зб. Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля! Барадулін. Гаручая сляза пячэ мне вочы. Зарыцкі.

2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку. Арабей. Па левай шчацэ коціцца сляза. Жычка.

3. толькі мн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла. Зарэцкі. Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок. Якімовіч. [Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба. Гілевіч. Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут? Лось. / адз. у знач. зб. Лёгкі на слязу.

4. перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.

5. Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва. [Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...» Ракітны.

•••

Абліцца слязамі гл. абліцца.

Адальюцца каму чые слёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.

Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.

Асушыць слёзы гл. асушыць.

Выціснуць слязу гл. выціснуць.

Глынуць слёз гл. глынуць.

Глытаць слёзы гл. глытаць.

Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

Заліцца (горкімі) слязамі гл. заліцца ​1.

Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

Ліць слёзы гл. ліць.

Наліцца слязамі гл. наліцца.

Пусціць слязу гл. пусціць.

Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.

Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.

Увесці ў слёзы гл. увесці.

Умыцца слязамі гл. умыцца.

Уцерці слёзы каму гл. уцерці.

слязі́на, ‑ы, ж.

Тое, што і сляза (у 1, 2 і 4 знач.). І чхаў [Антось], і пырхаў з паўгадзіны, І выціраў з вачэй слязіны. Колас. Вочы .. [бацькі] зачырванелі, і дзве слязіны застылі на шчоках. Чорны.

слязі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да слязіна, сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Як ні трымаў сябе ў руках Андрэй, але і ў яго вачах бліснула слязінка. Колас. Даніла Платонавіч разбіў галавешкі, потым, падумаўшы, зноў ўкінуў дроў, і Лемяшэвіч назіраў, як хутка яны загараюцца, як на паленн[і] выступаюць слязінкі смалы, капаюць у жап. Шамякін.

слязі́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць слязістага.

слязі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які выдзяляе слёзы; які хварэе на слёзацячэнне. Хутка ўсе пайшлі на работу, у бараку засталіся толькі Федзя з маці ды старая сербка з сівай галавой і слязістымі вачыма. Хомчанка.

слязі́цца, ‑зішся, ‑зіцца; незак.

1. (2 ас. не ўжыв.). Напаўняцца слязамі; выдзяляць слёзы (пра вочы). Ад .. [дыму] слязяцца вочы і кашаль раздзірае грудзі. Шамякін. Адно вока ў Аляксеева было крыху большае, яно слязілася, і таму здавалася, што Аляксееў смяецца, як вар’ят, і нават падміргвае. Карпаў.

2. Абл. Плакаць. Удзень і.. [Маня] гаварыла мала: толькі слязілася ды смаркалася. Мележ.

3. (2 ас. не ўжыв.); перан. Выдзяляць кроплі соку, вільгаці; выцякаць па кроплі; сачыцца. Крыштальнымі кроплямі цёплай жывіцы слязіліся свежыя пні і акоранае яловае бярвенне. Машара. З пашчапаных соснаў слязілася смала, павяла лісце на бярэзінах. Гурскі. // Пакрывацца кроплямі вільгаці. З сонцам Тчэ туман валокны. Дык чаго слязяцца вокны? Калачынскі.

слязлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць слязлівага (у 1, 2 знач.). Усе тыя пісьмы .. [Алёша Касцянок] знішчыў. Потым напісаў гэта, як яму здавалася, мужнае, без дзявочай слязлівасці і сентыментальнасці, без дзіцячай наіўнасці, зусім па-даросламу напісанае пісьмо. Шамякін.

слязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які часта плача (пра чалавека), схільны да слёз. Слязлівае дзіця. □ Заўсёды злодзей пад судом слязлівы. Корбан. / у перан. ужыв. Зашумела слязлівая восень — І закрылася хмарамі просінь. Журба. // Які выказвае схільнасць да слёз; плаксівы. Слязлівы тон. □ Да камісара Кінуўшыся хутка,.. Я голасам слязлівым і цянюткім Прасіў яго: — Вазьмі мяне з сабой!.. Хведаровіч.

2. Які выклікае жаласць, спачуванне. Голас мой часта зрываўся, сіпкі сціскалі горла — расказ быў слязлівы, жаласлівы, варты хіба толькі спачування. Мыслівец. // Чуллівы. Дзеянне разгортваецца ў.. [апавяданні] марудна, шмат слязлівай сентыментальнасці. С. Александровіч.

3. Разм. З слязамі, напоўнены слязамі; слязісты (пра вочы). [Кабыла] павярнула галаву і зірнула сумнымі слязлівымі вачыма. Чарнышэвіч.

слязні́ца, ‑ы, ж.

1. У старажытным Рыме — пасудзінка, у якую збіралі слёзы, калі плакалі па нябожчыку.

2. Слёзны мяшок каля вока, дзе збіраюцца слёзы.

сляпа́к, слепака, м.

Разм. зневаж.

1. Сляпы чалавек. / у перан. ужыв. Бедны мы і цёмны, Ходзім слепакамі. Колас. А на фронце .. хто быў смелы? Не той, хто пер на ражон, як сляпак, а той, хто адолеў у сабе страх і рабіў, што трэба... Місько.

2. перан. Чалавек, які чаго‑н. не заўважае, якога ашукалі ў чым‑н. Не веру ў фокуснікаў цуды.., Што ў ход пускаюць хітра ўсюды Туман на цёмных слепакоў. Купала. // Цёмны, неадукаваны чалавек. — Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня! Караткевіч.

3. Тое, што і сляпыш.

4. Тое, што і сляпень.