зашліфо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зашліфаваць.
зашліфо́ўка, ‑і, ДМ ‑фоўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. зашліфоўваць — зашліфаваць.
зашмальцава́цца, ‑цуецца; зак.
Запэцкацца да бляску чым‑н. тлустым пры працяглым або неахайным карыстанні. Калені штаноў зашмальцаваліся. □ Паперы ад часу вельмі звільгатнелі, зашмальцаваліся. Гарэцкі.
зашмальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
Запэцкаць да бляску, працягла або неахайна карыстаючыся. Зашмальцаваць камбінезон. Зашмальцаваць вокладку кнігі.
зашмальцо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зашмальцавацца.
2. Зал. да зашмальцоўваць.
зашмальцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зашмальцаваць.
за́шмарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
Вузел са свабоднай пятлёй, завязаны адным канцом. [Сівы чалавек] сядзеў на зямлі, камячыў доўгімі нервовымі пальцамі зашмаргі заплечнага мяшка і перакладаў гутарку Сапарава з румынамі. Хомчанка. Жанчыніны пальцы ніяк, здаецца, не могуць управіцца з зашмаргамі шаўковых шнуркоў накідкі. Мурашка.
зашмаргну́цца, ‑не́цца; зак.
Зацягнуцца, сцягнуцца (пра вузел, пятлю). Лейцы туга зашмаргнуліся на чатырохкантовай бэльцы. Галавач.
зашмаргну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́ і зашмо́ргнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нем, ‑неце; зак., што.
1. Зацягнуць, завесіць (шторы, шырму і пад.). // Перасунуўшы па ўцягнутай вяроўцы, завязцы, зацягнуць, закрыць. Зашмаргнуць кісет. Зашмаргнуць рукзак.
2. Зацягнуць, сцягнуць, зрабіць тугім (вузел, пятлю). Адным махам [Віця] спрытна зашмаргнуў пятлю на шыі звярка. Якімовіч.
зашма́т, прысл.
Больш, чым трэба; замнога. Перасадкі з поезда на поезд — вельмі нудная справа, ды і часу траціцца зашмат. Лынькоў. Даклад, мабыць, спадабаўся, бо Юрку задалі нават зашмат пытанняў. Навуменка.