Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

службі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Разм. Той, хто старанна, рупліва адносіцца да сваіх службовых абавязкаў. Самі [дзед і бацька] былі акуратныя службісты, узнагароджаны медалямі і ордэнамі. Алешка. // Служачы. Ішоў, відаць, кандуктар або хто іншы з службістаў. Пестрак. // Разм. неадабр. Той, хто на выгляд стараецца, а на справе фармальна выконвае службовыя абавязкі. [Далін:] Узяць — хоць ротны наш: Муштроўшчык, ну смех чысты. Дзе трэба — ляжа лістам, Прыходзіць проста ў раж І чыніць ералаш, Каб спраўныя быць службістам. Колас.

службі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. неадабр. Уласцівы службісту.

службо́ва, прысл.

Па службе. Вялы, сыта-блішчасты бегемот агромністай загадкаю ляжыць у басейне, службова ці для пацехі гледачу выставіўшы з вады маленькія, як адмарожаныя, вушы. Брыль.

службо́вец, ‑боўца, м.

Разм. Тое, што і служачы (у 2 знач.). Стукатня машынак, службовая бегатня, незнаёмыя твары службоўцаў вярнулі Рыгора да бягучае сапраўднасці. Гартны. Як самы дысцыплінаваны службовец, .. [Гаранскі] бег на выстаўку, нібы на службу. Сабаленка.

службо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да службы (у 2 знач.), да выканання абавязкаў па службе. Службовыя справы. Службовае злачынства. □ Вайна застала .. [Гнядкова] ў службовай камандзіроўцы ў заходніх абласцях Беларусі. Шамякін. З’явілася заява — Службовы апарат Паперкі падшывае І ў папкі набівае. Корбан. // Прызначаны для выканання службы, для служачых. Службовы тэлефон. Службовы аўтобус. □ Месцаў там [у вагоне] не было, і, расчараваная, .. [Таня] вярнулася ў сваё службовае купэ. Даніленка. Рабочыя, ці, як іх яшчэ называюць, службовыя, пакоі ва Упраўленні дзяржаўнай бяспекі абстаўлены вельмі сціпла. Кавалёў. // Такі, які прыняты на службе. Службовыя адносіны. Службовы этыкет. □ Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. Але ён не здае службовага тону, хоць гаворыць лагодней. Колас. // Які нясе якую‑н. службу, знаходзіцца на якой‑н. службе. Позвы і іншыя паведамленні, адрасаваныя прадпрыемству, установе ці арганізацыі, уручаюцца адпаведнай службовай асобе. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. [Наўмыснік:] — Службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся. Чорны.

2. Другарадны, дапаможны. Традыцыйныя вобразы нядолі ці няволі прыцягваліся пісьменнікамі ў твор звычайна з чыста службовымі мэтамі. Ярош. // У граматыцы — які служыць для паказу адносін паміж знамянальнымі часцінамі мовы. Службовыя часціны мовы. Службовыя словы.

слу́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. м. і ж. Работнік (работніца), слуга. Ішлі, нябожчыка хвалілі, Як чалавека й служку князя, Як і вядзецца ў такім разе. Колас. Хлопцы вы з вусамі, Гаспадарцы самі; Не шукайце служкі Папраўляць падушкі. Пысін. Што цяпер рабіць са служкам? Дзе яго надзець? Чарнышэвіч. Хто ж суніме гора служкі, З кім жа ёй пагаварыць? Броўка.

2. м. Слуга ў манастыры, царкве або пры архірэю. Манастырскі служка. Архірэйскі служка. Будучы строгім рэалістам, пісьменнік не адмаўляе станоўчых рыс, уласцівых і некаторым служкам царквы. Навуменка. // Слуга ў сінагозе.

служы́вы, ‑ага, м.

Абл. Салдат, ваеннаслужачы. — Сядай, служывы, пагрэемся, — запрасіў Язэпа чалавек. Асіпенка. — Куды ідзеш, служывы? — пытаецца поп у салдата. Якімовіч.

служы́лы, ‑ая, ‑ае.

Гіст.

1. У Рускай дзяржаве 15–17 стст. — які знаходзіўся на службе (пераважна ваеннай). Служылыя людзі. □ Тут у [Тураве] асядалі майстры, рамеснікі, гандляры, ваенная знаць княства і розны служылы народ. «Маладосць».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі — які атрымаў званне, чын не па спадчыне, а як узнагароду за дзяржаўную службу. Служылая арыстакратыя. □ Равінскія былі старадаўнім служылым дваранскім родам. «Полымя».

служы́цель, ‑я, м.

1. Тое, што і слуга (у 1 знач.). У час канцэрта між радоў ходзяць служыцелі з падносамі і частуюць гледачоў чаем з мятай. В. Вольскі.

2. Ніжэйшы служачы ў некаторых установах. Служыцель музея. □ А перад смерцю ёй [Данусі] ўдалося напісаць пісьмо, і адзін паляк — служыцель турмы — яго вынес на волю. Карпюк.

3. Чалавек, які служыць чаму‑н., працуе і прыносіць карысць сваёй працай у якой‑н. галіне (навукі, мастацтва і пад.). Служыцель навукі. Служыцель мастацтва. // Пра духоўных асоб. Служыцель культу.

служы́цельніца, ‑ы, ж.

Жан. да служыцель.