службовы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да службы (у 2 знач.), да выканання абавязкаў па службе. Службовыя справы. Службовае злачынства. ▪ Вайна застала .. [Гнядкова] ў службовай камандзіроўцы ў заходніх абласцях Беларусі. Шамякін. З’явілася заява — Службовы апарат Паперкі падшывае І ў папкі набівае. Корбан. // Прызначаны для выканання службы, для служачых. Службовы тэлефон. Службовы аўтобус. ▪ Месцаў там [у вагоне] не было, і, расчараваная, .. [Таня] вярнулася ў сваё службовае купэ. Даніленка. Рабочыя, ці, як іх яшчэ называюць, службовыя, пакоі ва Упраўленні дзяржаўнай бяспекі абстаўлены вельмі сціпла. Кавалёў. // Такі, які прыняты на службе. Службовыя адносіны. Службовы этыкет. ▪ Чырвонаармеец бачыць — чалавек цікавы, ад якога можна сёе-тое праведаць. Але ён не здае службовага тону, хоць гаворыць лагодней. Колас. // Які нясе якую‑н. службу, знаходзіцца на якой‑н. службе. Позвы і іншыя паведамленні, адрасаваныя прадпрыемству, установе ці арганізацыі, уручаюцца адпаведнай службовай асобе. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. [Наўмыснік:] — Службовы чалавек быў калісьці: то па маёнтках за аратага быў, то раз у леснікі к пану ўбіўся. Чорны.

2. Другарадны, дапаможны. Традыцыйныя вобразы нядолі ці няволі прыцягваліся пісьменнікамі ў твор звычайна з чыста службовымі мэтамі. Ярош. // У граматыцы — які служыць для паказу адносін паміж знамянальнымі часцінамі мовы. Службовыя часціны мовы. Службовыя словы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)