Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сло́ўнікавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да складання і выдання слоўніка (у 1 знач.). Слоўнікавы артыкул. Слоўнікавая работа. Слоўнікавае выдавецтва.

2. Які мае адносіны да слоўніка (у 2 знач.); лексічны. Слоўнікавы састаў мовы.

сло́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.

3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.

сло́ўца, ‑а, н.

Разм. Памянш.-ласк. да слова (у 1, 3 знач.); трапнае, удалае слова, выраз. Кожнаму з.. [навасёлаў] Колас хацеў зазірнуць у вочы, пачуць ад кожнага хоць адно, але самае дарагое слоўца. Лужанін. Дам я Вам слоўца, братняе слоўца, шчырае слоўца, — не знаю другіх. Купала.

•••

Закінуць (адмовіць) слоўца гл. закінуць.

Моцнае слоўца — тое, што і моцнае слова (гл. слова).

слуга́, ‑і, ДМ слузе, м.

1. У дарэвалюцыйным і замежным быце — чалавек для асабістых паслуг, прыслужвання. Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям’ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Колас. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.

2. перан. Той, хто працуе ў імя каго‑, чаго‑н., адданы каму‑, чаму‑н. Каб у жыцці з праўдзівай жыў душою, З людзьмі на свеце добрымі дружыў, Каб я свайму народу быў слугою, Радзімаю, як маці, даражыў. Русак. Ідэальным паэтам для Купалы з’яўляецца паэт-грамадзянін — слуга народа. Івашын. // Той, хто выконвае чыю‑н. волю, з’яўляецца зброяй у чыіх‑н. руках. Слугі імперыялізму.

•••

Ваш пакорны слуга (уст.) — а) ужывалася замест «я» ў размове для выказвання пашаны да таго, з кім гавораць; б) ветлівая форма заканчэння пісьма, паслання.

слугава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. слугаваць.

слугава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

Тое, што і прыслужваць. А паны сабе балююць, П’юць заморскае віно, — Для іх робіцца яно, — І ім лёкаі слугуюць, Як тут водзіцца даўно. Колас.

служа́ка, ‑і, м.

Разм. Вопытны, старанны служачы (звычайна пра ваеннага). Карпенка на ўсё жыццё запомніў тыя мудрыя словы старога служакі. Быкаў. Гарнізон у .. [оберлейтэнанта] быў невялікі, але надзейны: старыя служакі, яшчэ ў Бельгіі былі пад яго камандаваннем. Шамякін. // Пагард. Той, хто выслужваецца перад кім‑н.; паслугач. Думай думкі, што чыніці У бядзе паганай, Калі панскія служакі Прывядуць да пана! Купала. Хіба Панасюк служака ці падхалім? Васілевіч.

служа́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

У дарэвалюцыйны час — жанчына, якая была слугой у каго‑н. Акрамя таго, Халуста трымаў круглы год парабка і служанку, а ў час жніва і сенакосу паймаў сезонных работнікаў. Чарнышэвіч. Падрослых хлопчыкаў.. [ўдовы] аддавалі ў пастушкі, Дачок — багачам у служанкі. Бядуля.

слу́жачы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад служыць.

2. у знач. наз. слу́жачы, ‑ага, м.; слу́жачая, ‑ай, ж. Асоба, якая працуе па найму ў сферы разумовай або невытворчай фізічнай працы. Рабочыя і служачыя. □ Апанас быў пакрыўджаны і прыніжаны тым, што жонка яго займае адказную пасаду, а ён просты служачы на чыгунцы. Дуброўскі.

3. Дзеепрысл. незак. ад служыць.

слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.