слуга́, ‑і, ДМ слузе, м.
1. У дарэвалюцыйным і замежным быце — чалавек для асабістых паслуг, прыслужвання. Загразла ў балоце панская брычка разам з панскаю сям’ёю, слугамі, коньмі, з усім панскім скарбам. Колас. — Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ, — сказаў гаспадар і загадаў слузе: прасі! Маўр.
2. перан. Той, хто працуе ў імя каго‑, чаго‑н., адданы каму‑, чаму‑н. Каб у жыцці з праўдзівай жыў душою, З людзьмі на свеце добрымі дружыў, Каб я свайму народу быў слугою, Радзімаю, як маці, даражыў. Русак. Ідэальным паэтам для Купалы з’яўляецца паэт-грамадзянін — слуга народа. Івашын. // Той, хто выконвае чыю‑н. волю, з’яўляецца зброяй у чыіх‑н. руках. Слугі імперыялізму.
•••
Ваш пакорны слуга (уст.) — а) ужывалася замест «я» ў размове для выказвання пашаны да таго, з кім гавораць; б) ветлівая форма заканчэння пісьма, паслання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)