Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зачасці́ць, ‑чашчу, ‑часціш, ‑часціць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. у хуткім тэмпе. Конь зачасціў капытамі па знаёмай лёгкай выезджанай дарозе. Галавач.

2. Пачаць часта паўтарацца. Зачасцілі дажджы. □ Сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала. Лупсякоў.

3. Пачаць часта хадзіць куды‑н. Людзі з вёсак, з двароў зачасцілі ў мястэчка. Гартны. А праз тыдні два падкія да мастацтва гараджане зачасцілі ў майстэрню новага мастака. Нядзведскі.

зача́так, ‑тка, м.

1. Першапачатковая форма чаго‑н., здольная да далейшага развіцця; зародак. Зачатак плода.

2. перан. Першае праяўленне, пачатак чаго‑н. Зачаткі культуры. □ Першым сур’ёзным зачаткам пралетарскай партыі ў Расіі быў створаны У.І. Леніным у 1895 годзе «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». «Полымя».

3. Астатак органа, які страціў сваё значэнне; рудымент.

зача́ткавы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў пачатку свайго развіцця. Зачаткавы орган. // Першапачатковы, пачатковы. Зачаткавы стан.

зача́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад зачаць.

зача́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Пачаць чаўкаць.

зача́ўраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зачахнуць, змарнець. Зусім зачаўраў чалавек, аб’ехаў — што шкілет. Пташнікаў.

зачахлёны, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты чахлом. Над верхавінкамі маладых сасонак выразна чарнеюць сілуэты зачахлёных ракет. Жычка.

зачахлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Пакрыць чахлом. Зачахліць гарматы. □ Ложкі, крэслы — усе хатнія рэчы Зачахліў [сусед], каб сынам зберагчы. Калачынскі.

зача́хлы, ‑ая, ‑ае.

Змарнелы, хваравіты. Зачахлы чалавек. // Які зачах, слаба расце; завялы. Тут, сярод абымшэлых каржакаватых сосен, пахіленых і зачахлых на гэтай выспе, вісела цішыня. Пташнікаў.

зачахля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зачахліць.