Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

зачарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Уздзейнічаць чарамі, магічнымі словамі; заваражыць. — А ты не бядуй, уцешыла дзяўчынка Косціка. — У наступны раз я навучу цябе, як зачараваць гарлачык. Даніленка. Ой, трыпутнічак, Трыпутнік!.. Зелле-зеллейка жывое!.. Ты цвіцеш Ды пры дарогах, — Зачаруй майго мілога!.. Трус. // перан. Падпарадкаваць свайму ўплыву; паланіць, прывабіць. [Міцьку] зачаравала суровасць ракі, яе патаемная сіла, якой ён раней зусім і не заўважаў. Лупсякоў. Тонкая, чарнявая, з касою — Пра такіх Кабзар пісаў не раз — Светлаю дзявочаю красою Ты тады зачаравала нас. Панчанка.

зачарві́вець, ‑ее; зак.

Разм. Стаць чарвівым. Яблык зачарвівеў.

зачарне́цца, ‑еецца; зак.

Тое, што і зачарнець. Каля калодзежа зачарнелася нейчая фігура. Колас. Першыя праталіны зачарнеліся на палях. Лынькоў.

зачарне́ць, ‑ее; зак.

1. Вылучыцца сваім чорным колерам, паказацца (пра што‑н. чорнае). Мінулі дробны лес, і перад .. [Стафанковічамі] зачарнела вёска. Чорны.

2. Пачаць чарнець; стаць чорным. Зачарнела і запахла на полі ралля. Скрыган.

зачарні́цца, ‑чэрніцца; зак.

Замазацца, зафарбавацца чорным. Шкло ў лямпе зачарнілася. Папера зачарнілася ад капіркі.

зачарні́ць, ‑чарню, ‑чэрніш, ‑чэрніць; зак., што.

Замазаць, зафарбаваць чорным. Зачарніў неба просінь Дым, узняўшыся стогам. Нядзведскі.

зачарня́цца, ‑яецца; незак.

1. Незак. да зачарніцца.

2. Зал. да зачарняць.

зачарня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да зачарніць.

зачаро́ваны,

гл. зачараваны.

зачаро́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зачаравацца.

2. Зал. да зачароўваць.