заця́жкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Залішне цяжкі. Камуніст Касянок вымушаны быў пайсці на новую, мо і зацяжкую для яго работу. Сабаленка.
зацяжны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які доўга цягнецца; працяглы. Зацяжны дождж. Зацяжная восень. Зацяжная вайна.
2. Які служыць для зацяжкі (у 4 знач.). Зацяжная машына.
•••
Зацяжны скачок гл. скачок.
зацяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зацячы.
зацялёпкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць цялёпкацца.
зацямне́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зацямняць — зацямніць і стан паводле знач. дзеясл. зацямняцца — зацямніцца. Зацямненне акон. Зацямненне свядомасці.
2. Маскіроўка святла як адзін са сродкаў проціпаветранай абароны. Зацямненне горада. Праверыць зацямненне.
3. Спец. Зацямнёнае месца, якое выяўляецца дзе‑н.; пацямненне. Зацямненне ў лёгкіх.
зацямне́цца, ‑еецца; зак.
Разм. Тое, што і зацямнець. Удалечыні, дзе ляжала ціхае поле, зацямнелася вялікая вёска. Пташнікаў.
зацямне́ць, ‑ее; зак.
Вылучыцца сваім цёмным колерам, паказацца (пра што‑н. цёмнае). У гэты час перад гуртам дзяўчат і хлопцаў зацямнела некалькі постацей. Мележ.
зацямні́цца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць цёмным. Неба зацямнілася.
2. Страціць выразнасць; памуціцца. Свядомасць зацямнілася.
зацямні́ць, ‑цямню, ‑цемніш, ‑цемніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць цёмным, засланіўшы святло; засланіць святло каму‑, чаму‑н. [Сасоннік] засланіў лінію, зраўняў лес, знішчыў мяжу, зацямніў квартал. Пташнікаў. Цень зацямніў святло. Маўр. // перан. Засмуціць, замаркоціць. Цяжкі ўспамін зацямніў тую светлую ўрачыстасць, якая .. апанавала [Васіля]. Шамякін. // Замаскіраваць святло. Зацямніць горад. Зацямніць вокны.
2. перан. Зацьміць, адсунуць каго‑, што‑н. на задні план. Аўтар высунуў на першы план няўдалае каханне юнакоў да Тані, якое зацямніла ўсё астатняе. «ЛіМ».
3. перан. Зрабіць незразумелым; заблытаць. Зацямніць ідэйны сэнс твора. // Пазбавіць здольнасці ясна разважаць, мысліць. Зацямніць розум.