заціша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зацішыць.
заці́шна,
1. Прысл. да зацішны.
2. безас. у знач. вык. Ціха, бязветрана. Тут, пад стогадовымі соснамі, пад волатамі-дубамі, было зусім зацішна. Шамякін. Сонца грэла слаба, .. але пры сцяне было зацішна і нават цёпла. Чорны.
заці́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць зацішнага; цішыня. Адзінота, перамешаная з трапяткой зацішнасцю, панавала над хвойнікам. Адамчык.
заці́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Бязветраны, ціхі. Зацішны бок. □ Вецер ірваў з узгоркаў пульхны мяккі снег.., кідаў куды-небудзь у зацішныя куткі і прасаваў там з яго грывастыя сумёты. Асіпенка. // перан. Ціхі, глухі, скрыты. Самка аленя хавае .. [дзіця] дзе-небудзь у патаемным, зацішным кутку, у высокай траве ці ў хмызняку. В. Вольскі.
2. перан. Без значных падзей, ажыўленай дзейнасці. На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Галавач.
заці́шша, ‑а, н.
1. Часовае спыненне шуму, ветру. Зацішша перад навальніцай. □ Калі наверсе па густым хваёвым покрыве каціўся глухі шум ветру, тут, унізе, стаяла прыемнае зацішша, было па-хатняму ўтульна. Новікаў. // перан. Спыненне, аслабленне дзейнасці, руху і пад. На пероне зацішша — ні цягнікоў, ні пасажыраў. Навуменка. Адгрымела блакада і ў атрадным баявым жыцці настаў нейкі момант зацішша. Брыль.
2. Ціхае, зацішнае месца; зацішак. «Не даеду...» — трывожна падумаў Цімох і, сабраўшыся з сілай, звярнуў у зацішша, за лазняк. Ваданосаў. У пячурцы — калматы, вялікі, Нешта муркае У зацішшы кот. Лявонны.
заці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.
Разм. Сцішыць, зменшыць скорасць чаго‑н. Зацішыць рух. □ Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы. Гартны.
зацкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацкаваць.
2. у знач. прым. Злоўлены; заганяны на паляванні сабакамі (пра звера).
3. перан.; у знач. прым. Змучаны праследаваннямі, нападкамі, паклёпамі і пад. Зацкаваны чалавек.
зацкава́ць, ‑цкую, ‑цкуеш, ‑цкуе; ‑цкуём, ‑цкуяце; зак., каго.
1. кім. Напусціць нацкаваных сабак на каго‑н.
2. Злавіць або забіць звера пры дапамозе сабак. Зацкаваць зайца. □ Аднойчы паніч зацкаваў сабакамі апошнюю авечку майго прадзеда Пархвена Доўбні. Жычка.
3. перан. Разм. Замучыць праследаваннямі, нападкамі, паклёпамі і пад. Зацкаваць сумленнага чалавека.
зацко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зацкаваць.
зацмо́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць цмокаць.