чы́сцец, ‑стца, м.
Тое, што і чысцілішча. / у вобразным ужыв. Зараз Жывень умеў ужо разбірацца ў падзеях. Жыццё моцна памяла яго, прапусціўшы праз вялікі маральны чысцец, зняло з вачэй ружовыя акуляры і загартавала характар. Майхровіч.
чысце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца больш чыстым (у 1, 4 і 7 знач.). За крокам крок, за метрам метр, За гектарам гектар — Чысцее поле тарфянішч, У сонцы ўжо абшар. Купала. Мы пілавалі тут і палявалі, Душой чысцелі ў чысціні расы. Камейша.
чысцёха, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цёсе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Вельмі ахайны, акуратны чалавек, які вызначаецца празмерным імкненнем да чыстаты і парадку. Гаспадыня мая любіць парадак, вялікая чысцёха. Далідовіч.
чы́сцік 1, ‑у, м.
Травяністая расліна сямейства губакветных, якая мае кветкі, сабраныя ў мяцёлкі, і шурпатаваласістае сцябло.
чы́сцік 2, ‑а, м.
Марская птушка атрада чысцікавых, якая жыве на скалах па берагах паўночных мораў.
чы́сцікавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чысціка 2.
2. у знач. наз. чы́сцікавыя, ‑ых. Атрад марскіх птушак, якія жывуць ва ўмераных паясах Паўночнага паўшар’я.
чысці́лішча, ‑а, н.
Паводле вучэння каталіцкай царквы — месца, у якім душы нябожчыкаў рознымі выпрабаваннямі ачышчаюцца ад грахоў, каб трапіць потым у рай.
чысці́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для чысткі чаго‑н. Чысцільны агрэгат.
чысці́льшчык, ‑а, м.
Той, хто прафесійна займаецца чысткай. У сярэдзіне трэцяй зімы Стась пайшоў працаваць вулічным чысцільшчыкам ботаў. Хомчанка.
чысціня́, ‑і, ж.
Тое, што і чыстата. Глядзіць Змітрок уздоўж шырокай вуліцы, што пралягла між доўгіх карпусоў, і дзівіцца: якая наогул чысціня! Ваданосаў. Неба над намі было незвычайнай чысціні. Агняцвет. [Тоня] пахіснула маю веру ў шчырасць, у чысціню адносін, у каханне, якое мацней за смерць. Шамякін. [Алеся] мела рэдкае па чысціні лірычнае сапрана. Рамановіч.