Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

упа́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць упалага. Упаласць шчок.

упа́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упаліць.

упалёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упаляваць.

упалі́ць, упалю, упаліш, упаліць; зак., што.

Прымусіць гарэць, загарэцца. Ледзь упаліў сырыя дровы.

•••

Упаліць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

упа́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўваліўся, запаў унутр чаго‑н. Наперад прабілася высокая, яшчэ маладая жанчына з глыбока ўпалымі вачыма. Якімовіч. «Амерыка»... — паказаў [Міхаль] на свае ўпалыя, худыя грудзі, і сухі кашаль абарваў яго словы. Бялевіч.

2. перан. Аслабелы, слабы (пра голас). Антаніна Аркадзеўна сказала без надзеі, упалым голасам: — Пра гэта вы [Міхаліна і Генадзь] дамоўцеся самі. Шамякін.

упа́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. упальваць — упаліць.

упа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да упаліць.

упалява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад упаляваць.

упалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

Здабыць у час палявання. [Марушэвіч:] — Пашанцавала нам тут неяк за адзін дзень упаляваць трох лісіц. Машара. // перан. Разм. Атрымаць, здабыць што‑н. [Рыбін:] — Дзякую, Вера Ігнатаўна, мы, здаецца, на добрай дарозе... Нешта, відаць, упалюем. Пестрак.

упамі́н, ‑у, м.

Разм. Тое, што і упамінанне. Асобныя фрагменты з «Нарачы» ўпершыню былі надрукаваны ў зборніку «На этапах» (1936 г.) як лірычныя вершы, без упаміну, што яны ўваходзяць у паэму. У. Калеснік.