Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

умары́ць, умару, уморыш, уморыць; зак., каго.

Разм.

1. Давесці да смерці. [Рыгор:] — Цяпер .. [Грамадой] гэту Марыську знарок уморыць, каб хутчэй усё падгрэбці. Крапіва.

2. Замарыць, знясіліць. Умарыць каня.

умасці́цца, умашчуся, умосцішся, умосціцца; зак.

1. Разм. Зручна размясціцца. Два грузчыкі .. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварам супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Кругом сядзелі, ляжалі, хто дзе ўмасціўся. Лобан. Каля .. [Бабіцкай і Аксені] ўмасцілася кошка, мурлыкаючы сваю песеньку. Гурскі.

2. Абл. Уладкавацца дзе‑н. [Пракоп] кінуўся ў раён і ўмасціўся там за наглядчыка на рынку. Вітка.

умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.

1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.

2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.

3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.

умата́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уматаць.

умата́цца, ‑аецца; зак.

1. Разм. Укруціцца, ублытацца ў што‑н. Уматаўся канец вяроўкі ў кола.

2. Намотваючыся, змясціцца. Усе ніткі ўматаліся ў адзін клубок.

умата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Абматаць, апавіць што‑н. некалькі разоў. Уматаць пакунак шпагатам. Уматаць воз вяроўкамі.

2. Матаючы ніткі ў клубок, заматаць унутр што‑н. пабочнае. Уматаць напарстак у клубок.

3. Намотваючы, змясціць у чым‑н., на чым‑н. Вялікага матка ў адзін клубок не ўматаць.

умаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да умовіцца.

умаўча́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. умаўчаць.

умаўча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Тое, што і умоўчаць (у 2 знач.). Умаўчаць аб недахопах.

умаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Хутка прайсці, адолець вялікую адлегласць. [1‑шы падарожны:] Напэўна, спорна ўмахаў? Дарожка — хай загіне: Карэння столькі і капаў! Купала.