Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кругле́ц, ‑ляцу, м.

Травяністая расліна з мяцёлчатым або гронкападобным суквеццем. Начамі ціха месяц разлі[е] Імглы сівой і парнай малако На хвошч балотны, асаку, круглец. Танк.

кругле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Тое, што і кругліцца (у 1 знач.). Калі хто са старэйшых дапускаў які промах, неахай[насць], — тады вочы ў старшыні круглелі, халодныя ільдзінкі свяціліся ў іх. Паслядовіч.

2. Таўсцець, папраўляцца. На каменданцкім месцы пачаў [Кубке] круглець, і яму здавалася, што ён выконвае вялікую гістарычную місію. Чорны. // Разм. Станавіцца больш тоўстай (пра цяжарную жанчыну).

круглі́на, ‑ы, ж.

Разм. Акругласць формы.

круглі́цца, ‑ліцца; незак.

Разм.

1. Станавіцца больш круглым, прымаць акруглую форму. Чорная яміна рота кругліцца, шырыцца... Лынькоў.

2. Вылучацца круглай формай. То тут, то там былі прыкрытыя снегам пні, кругліліся белымі шапкамі лаўжы. М. Стральцоў.

круглі́ць, круглю, кругліш, кругліць; незак., што.

Разм. Рабіць што‑н. круглым, надаваць акруглую форму. На ёй белы шарсцяны світэр, які вельмі ж да твару, бо яшчэ болей кругліць і без таго круглыя плечы. Сачанка. Я назіраў за тым.., як ён [меднік] на кавадлах .. кругліў пасудзіну. Бядуля.

кругло́віна,

гл. круглавіна.

кру́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. □ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.

3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.

•••

Круглыя лічбы гл. лічба.

Круглыя дужкі гл. дужка.

За круглым сталом гл. стол.

Круглая сума гл. сума.

кругля́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць круглявага. Круглявасць формы.

кругля́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Круглаваты, акруглены. Ніна зняла расшыты кажушок, скінула касынку; яе круглявы твар з кірпатым носікам і вялікімі цёмна-блакітнымі вачамі стаў яшчэ больш прыгожы. Шчарбатаў.

кругля́к, ‑а, м.

1. Абрубак дрэва, кароткае тоўстае палена акруглай формы. Парэзаць бервяно на круглякі. □ Падбліжалася грамада рабочых, якія цягнулі на кругляках здаровую роўную хваіну. Гартны.

2. зб. Нячэсанае круглае бярвенне як будаўнічы матэрыял. На хутары стаялі чатыры прасторныя хаты, пуні і гумны з тоўстага кругляка. Грахоўскі. Побач.. здаровая, вялікая хата з смольнага кругляка. Чорны.

3. Разм. Пра тоўстага, круглага чалавека. Але гэта яшчэ дзед быў! Ружовы, белабароды кругляк. Ракітны.