круглы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму круга, шара, кола, цыліндра або падобны да іх па форме. Круглае бервяно. Круглы стол. Круглы мячык. ▪ Над табою месяц круглы У ясным небе ціха плыў. Колас. // Тоўсты, сыты, поўны (пра чалавека, яго фігуру, твар). Шарсцяны світэр шчыльна аблягаў поўныя грудзі і круглыя плечы. Мележ.

2. У спалучэнні са словамі «год», «дзень», «суткі» абазначае: увесь, цэлы. Волеччын голас, калі яна паганяла каня, чуўся па полі круглы дзень. Чорны. Брыгады гэтыя працуюць круглыя суткі. Кулакоўскі.

3. Разм. Поўны, абсалютны. Круглы выдатны. Круглая сірата. // У спалучэнні са словам «дурань» абазначае: абсалютны, закончаны. Толькі круглы дурань, хіба, прачытаўшы гэты ліст, не ведаў бы, што рабіць. Самуйлёнак.

•••

Круглыя лічбы гл. лічба.

Круглыя дужкі гл. дужка.

За круглым сталом гл. стол.

Круглая сума гл. сума.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)