Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гі́дкі, ‑ая, ‑ае.

Абл. Гадкі. Чорная, гідкая, страшная кроў паплыла ў .. [лесніка] з галавы, пэцкала новы жупан, стрэльбу. Гарэцкі.

гідлі́васць, ‑і, ж.

Абл. Уласцівасць гідлівага; агіда да каго‑, чаго‑н. Раптам з глухой чорнай бездані [калодзежа].. з фыркатам кінуўся ў бакі дзікаваты каціны вывадак. Сотнікаў ненавідзеў катоў і з гідлівасцю адхіснуўся. Быкаў.

гідлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Гадлівы. Ад калючай стараставай барады і ягонага панібрацтва начальніка пранялі гідлівыя дрыжыкі. Самуйлёнак.

гідо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

Абл. Гадасць. — Клянецца ў дружбе, павазе і любові, а сам, дзе толькі можна, робіць усялякія гадасці. От гідота! Гурскі.

гі́дра, ‑ы, ж.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — шматгаловая змяя, у якой на месцы адсечаных галоў вырасталі новыя.

2. Дробная бесхрыбетная кішачнаполасцевая прэснаводная жывёліна са шчупальцамі вакол рота.

[Грэч. hydra — вадзяная змяя.]

гідра...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае словам: «вада», «водны», «вадзяны», напрыклад: гідрабурэнне, гідрапомпа, гідрастанцыя, гідратэхніка.

гідраавія́цыя, ‑і, ж.

Авіяцыя, аснашчаная гідрасамалётамі.

гідрааку́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Раздзел акустыкі, які вывучае распаўсюджанне гукаў у вадзе.

гідраакусты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гідраакустыкі. Гідраакустычная служба. Гідраакустычная апаратура.

гідрабіяло́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае жыццё водных арганізмаў у іх адзінстве з навакольным асяроддзем.