гру́дзі, ‑ей; адз. няма.
1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. □ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. □ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.
2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.
3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.
•••
Біць (сябе) у грудзі гл. біць.
Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.
Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.
грудзі́на, ‑ы, ж.
1. Грудная косць, з якой злучаны пярэднія канцы грудных рабрын і часткі плечавога пояса.
2. Верхняя пярэдняя частка вопраткі, якая прыкрывае грудзі. Грудзіна ў рубашцы расшпілілася, і з-пад яе свеціць голае цела. Баранавых.
грудзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Мяса з грудной часткі тушы.
гру́дзіцца, ‑дзіцца; незак.
Разм. Размяшчацца грудай, кучай. [Мяшкі] грудзіліся адзін на другім, нібы кінутыя да часу. Пестрак. // Збірацца ў шчыльны натоўп; скучвацца. Вакол стала грудзілася з дзесятак чалавек, якія запісвалі свае мандаты. Гартны.
гру́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Памянш. да груда (у 1, 3 знач.). Асобна ўзвышаліся грудкі шруб, раскладзеных па калібрах, ляжалі паіржавелыя цвікі. Гурскі.
грудкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты грудай, грудкамі, няроўны. З-за вёскі даляцелі людскія галасы і грукат колаў па сухой грудкаватай дарозе: відаць, калгаснікі .. вярталіся ўжо з копкі бульбы. Хадкевіч.
гру́дкі, ‑дак; адз. няма.
Памянш.-ласк. да грудзі (у 1, 2 знач.).
грудны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да грудзей (у 1 знач.). Грудныя пазванкі. Грудны боль.
2. Які корміцца малаком маткі. Грудное дзіця.
•••
Грудная жаба гл. жаба.
Грудная клетка гл. клетка.