грудзі, ‑ей; адз. няма.
1. Пярэдняя частка тулава ад шыі да жывата. Зашпіліць вопратку на грудзях. ▪ І тут Марына не ўтрымала — Ды гэта ж ён! ды гэта ж брат! На грудзі брату тварам пала. — Ігнатка! брацік мой Ігнат... Колас. // Частка тулава, у якой змяшчаюцца сэрца, лёгкія і інш. органы грудной клеткі. Дыхаць на поўныя грудзі. ▪ І здавалася Міколку, што вылеціць яго сэрца з грудзей ад вялікай радасці. Лынькоў.
2. Малочныя залозы ў жанчыны. Малая адрывалася ад пустых грудзей і крычала, ёй хацелася есці. Шамякін.
3. Разм. Верхняя пярэдняя частка адзення. Кашуля з вышыванымі грудзьмі.
•••
Біць (сябе) у грудзі гл. біць.
Грудзьмі пралажыць (пракласці) сабе дарогу гл. пралажыць.
Дыхнуць на поўныя грудзі гл. дыхнуць.
Прыгрэць змяю (гадзюку) на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)