Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

алегары́зм, ‑у, м.

Алегарычны спосаб абмалёўкі, адлюстравання. Алегарызм апавяданняў Коласа з цыкла «Казкі жыцця» не з’явіўся адыходам пісьменніка ад рэалізму. «Полымя».

алегары́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць алегарычнага.

алегары́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да алегорыі. Алегарычны жанр. // Пабудаваны на алегорыі, іншасказальны. Алегарычны вобраз.

алего́рыя, ‑і, ж.

У літаратуры і мастацтве — выказванне адцягненага паняцця пры дапамозе канкрэтнага мастацкага вобраза; іншасказальнасць. Боязь, каб дзённік не папаў каму-небудзь у рукі і не расчыніў таямніцы яго душы, прымушала [Лабановіча] шукаць адмысловыя спосабы і формы запісаў, ужываць розныя алегорыі. Колас.

[Грэч. allegoria — іншасказанне.]

але́гра,

1. прысл. Хутка, ажыўлена (пра тэмп выканання музычнага твора).

2. нескл., н. Музычны твор або яго частка ў хуткім тэмпе.

[Іт. allegro — весела.]

але́гры, нескл., н.

Латарэя, у якой розыгрыш адбываецца адразу ж пасля куплі білета.

[Іт. allegri — «вясёлы», «будзьце вясёлыя» (жартаўлівы надпіс на пройгрышных білетах латарэі).]

алегрэ́та,

1. прысл. У тэмпе менш хуткім, чым алегра.

2. нескл., н. Музычны твор або яго частка ў такім тэмпе. Алегрэта з 7‑ай сімфоніі Бетховена.

[Іт. allegretto.]

аледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і абледзянелы.

2. Халодны, як лёд; змерзлы, адубелы, скарчанелы. Ні ў кога не хапала адвагі ўвайсці ў аледзянелую ваду. Галавач.

аледзяне́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле дзеясл. аледзянець (у 1 знач.).

аледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Тое, што і абледзянець.

2. Зрабіцца халодным, як лёд; змерзнуць, адубець, скарчанець.