заце́нены і зацянёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зацяніць.
за́цень, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і засень. Вунь юнак і дзяўчына кіруюцца У зялёную зацень алей. Панчанка.
за́цепла, прысл.
Разм. Пакуль цёпла, да наступлення холаду. Зацепла выкапаць бульбу.
заце́плены і зацяплёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зацепліць, зацяпліць.
заце́пліцца, ‑ліцца і зацяплі́цца, ‑ліцца; зак.
Разм. Загарэцца слабым полымем. Зацеплілася свечка. // перан. Узнікнуць, з’явіцца. Зацеплілася надзея. □ У камісара зацеплілася бацькоўская пяшчота. Мележ.
заце́пліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць і зацяплі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
Разм. Запаліць (агонь, свечку і пад.). Зацеплілі трубкі гуралі. Танк. Паўночных віхураў краіна Лагодна сустрэла яго: Паклікала ў дом між ялінак, Зацепліла ў лямпе агонь. Лось. // перан. Прымусіць узнікнуць, з’явіцца. [Ірына] прыціскала да сябе дзіця, хутала яго ў старую коўдрачку, сагравала сваім дыханнем, як бы збіраючыся зацяпліць жыццё ў гэтым маленькім.. цельцы. Лынькоў.
зацерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.
Разм. Пачаць церабіць.
зацерушы́цца, ‑церушуся, ‑цярушышся, ‑цярушыцца; зак.
Пакрыцца тонкім слоем чаго‑н. сыпкага. Акопы ўжо зацерушыліся сасновымі іголкамі і параслі мохам і ягаднікам. Пташнікаў.
зацерушы́ць 1, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., каго-што.
Пакрыць тонкім слоем чаго‑н. сыпкага. [Партызаны] адвярнулі ўбок рэйку, зацерушылі цямнеючыя мясціны снегам і хутка пайшлі назад. Федасеенка. Зайздрошчу Волзе ад душы, Яна перада мной як на далоні, Яе сняжок зацерушыў, І вольны вецер ходзіць, звоніць. Астрэйка. / у безас. ужыв. Дарогу злёгку зацерушыла снегам. Кавалёў.
зацерушы́ць 2, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак.
Пачаць церушыць.
заце́рці, ‑тру, ‑траш, ‑трэ; ‑тром, ‑траце; пр. зацёр, ‑цёрла; зак., каго-што.
1. Тручы, зрабіць што‑н. нябачным, невыразным; сцерці. Зацерці надпіс на сцяне. // Разм. Выцерці (брудны след, лужыну і пад.). Вакол чыгуна і пад нагамі хлопца стаяла такая лужына, што мо з паўгадзіны трэба было б старой гнуцца, каб зацерці яе. Кулакоўскі.
2. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца. Ільды зацёрлі карабель. Зацерці ў натоўпе. // перан. Разм. Перашкодзіць каму‑н. праявіць сябе, не даць ходу. [Даніла] вучыцца завочна ў тэхнікуме, быў брыгадзірам. Гэта яго Свідрань зацёр за пярэчанні. Дуброўскі.
3. Прыгатаваць што‑н. заціраннем. Зацерці муку. Зацерці талакно.