Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крыва́віцца, ‑віцца; незак.

Выдзяляць кроў; кроватачыць. Але ісці яму яшчэ было трудна і няможна: ад хады зноў крывавілася б рана. Колас. Па твары скрозь крывавілася абдзёртыя пляміны. Чорны.

крыва́віць, ‑ваўлю, ‑вавіш, ‑вавіць; незак.

1. каго-што. Біць, разбіваць да крыві. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. Крывавіць ногі брудны шлак сухі. Гаўрусёў.

2. Разм. Тое, што і крывавіцца. Калена аб нешта збіта ці праколата і крывавіць. Сачанка.

3. што. Пэцкаць, мазаць кроўю; пакідаць крывавыя сляды на кім‑, чым‑н. А ногі белы снег крывавяць. Глебка.

крыва́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Напоўнены кроўю; з прымессю крыві. Крывавы мазоль. // Кроватачывы. Крывавая рана.

2. Заліты кроўю; акрываўлены. Крывавыя рукі. Крывавы бінт.

3. Які суправаджаецца праліццём крыві, звязаны з кровапраліццем. Крывавае злачынства. Крывавая помста. □ Не для сваёй жа славы У суровы час вайны З бацькамі ў бой крывавы Кідаліся сыны. Непачаловіч. // Які ўчыніў многа забойстваў. Мы .. не аднойчы чулі пра дэспатаў крывавых і тыранаў. Дубоўка. І ўсплылі ў памяці Андрэя колішнія расказы бабкі аб паншчыне, аб крывавых панах... Пестрак.

4. Ярка-чырвоны, колеру крыві. У змрочным вячэрнім небе замігцелі крывавыя заранкі. Лынькоў. Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Дамашэвіч.

5. перан. Цяжкі, пакутлівы, горкі. Крывавы пот. Крывавыя слёзы.

•••

Крывавая нядзеля гл. нядзеля.

Да крывавага поту гл. пот.

крываду́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць крывадушнага. Крывадушнасць паводзін. Крывадушнасць слова.

крываду́шнік, ‑а, м.

Крывадушны чалавек.

крываду́шнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рабіць, паступаць прытворна, няшчыра; праяўляць у сваіх паводзінах крывадушша. [Генрых] разумеў усё, і яго чыстая дзіцячая душа не магла крывадушнічаць. Ракітны.

крываду́шны, ‑ая, ‑ае.

Поўны крывадушша; няшчыры, двудушны. Крывадушны чалавек. // Уласцівы крывадушніку; няшчыры, прытворны. Фальшывая, крывадушная дабрата кулака-святошы надае вобразу Кузьмы пэўную глыбіню і аб’ёмнасць. Бярозкін.

крываду́шша, ‑а, н.

Неадпаведнасць слоў, учынкаў шчырым пачуццям, перакананням; двудушнасць, няшчырасць. У жыцці не месца крывадушшу, Як ліхой у кветніку траве! Непачаловіч.

крыважэ́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць крыважэрнага; жорсткасць, лютасць.

крыважэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Які жывіцца чужой кроўю, мясам (пра звера). — Няма звера страшнейшага за тыгра, — крыкнуў Тарыел.. — Ён самы крыважэрны звер на свеце. Самуйлёнак. // перан. Схільны да забойстваў; жорсткі, люты. Няўжо мірны чалавек, якога пагрозамі прымусілі ўстрымацца ад подпісу, адразу ж зробіцца крыважэрным прыхільнікам вайны? Маўр.