Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скрыша́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую сілу, знішчальны. Скрышальны ўдар. Скрышальны агонь.

2. Моцны, глыбокі (пра пачуцці, перажыванні чалавека). Скрышальная нянавісць.

скры́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад скрышыць.

скрышы́цца, ‑шыцца.

Зак. да крышыцца (у 1 знач.).

скрышы́ць, скрышу, скрышыш, скрышыць.

Зак. да крышыць (у 1, 2 знач.).

скрэ́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і скра́баць. Затое круглагаловы заядла скрэбаў лыжкай, аж звінела пасудзіна. С. Александровіч.

скрэ́бены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скрэбці (у 2, 3 знач.).

2. у знач. прым. Такі, што скрэблі, чысцілі. Скрэбеная падлога.

3. у знач. прым. Чышчаны, абчышчаны (пра гародніну, рыбу).

скрэ́бень, ‑я, м.

Чарвяк, які паразітуе ў кішэчніку пазваночных жывёлін.

скрэ́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. скрэбці (у 2–3 і 6 знач.).

скрэ́бла, ‑а, н.

Разм.

1. Скрабніца. Запаліўшы ліхтар, фурман чысціў скрэблам і шчоткай каня. Пальчэўскі.

2. Лапата для саскрабання чаго‑н., скрабок. Скрэбла зламалася.

скрэ́бці, скрабу, скрабеш, скрабе; скрабём, скрабяце; пр. скроб, скрэбла; незак., каго-што.

1. і без дап. Праводзіць па паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым, зачэпліваючы ці робячы драпіны. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе кіпцюрамі. Колас. Блізка мыш скрабе па сценцы, Кот цікуе на паленцы. Бядуля. На гумовых ботах, па халявах, скроб сухі верас, абсыпаны, абдзёрты калёсамі. Пташнікаў.

2. Здзіраць, счышчаць чым‑н. вострым тонкі слой з якой‑н. паверхні. Не спіцца. І нават не творыцца. І сам я не рады сабе. Аж чую: на досвітку дворніца Дарогу ля дома скрабе... А. Вольскі. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // З сілай церці, чысціць. Ягор найбольш завіхаўся ля коней, мыў іх, скроб або карміў. Навуменка. Дзяўчынкі да жаўцізны скрэблі падлогу, здымалі павуцінне, праціралі сцены, мылі вокны. Курто.

3. Чысціць, абчышчаць (маладую гародніну, рыбу і пад.). Спроб .. [Яўтух] ножыкам бульбіну ды моўчкі хаваў сваю добрую ўсмешку ў сівых вусах. Бялевіч. Бялявы хлапчук на парозе, як дома, ваюючы з кошкай, скрабе шчупака. Вялюгін.

4. і без дап. Чухаць (якія‑н. часткі цела). [Цымбал] уздыхае, скрабе ў барадзе і, відаць, пра нешта хоча загаварыць. Скрыган. [Жонка:] Што ты там бурчыш пад нос? Скрабеш каля вуха? Купала.

5. перан. Непакоіць, трывожыць, хваляваць (пра думку, пачуццё і пад.). Яго душыў смутак і скрэбла злосць. Чорны. [Бацька:] — Вершы зусім недзіцячыя, а такія, што і старога скрабуць па сэрцы... Таўлай.

6. Дробна, тонка стругаць што‑н.; здрабняць. У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Караткевіч.

•••

На сэрцы (на душы) кошкі скрабуць гл. кошка.