ціму́раўцы, ‑аў; адз. цімуравец, ‑раўца, м.
Члены дзіцячых добраахвотных дружын, якія дапамагаюць сем’ям франтавікоў, інвалідам вайны, старым.
[Ад імя Цімура, героя аповесці А. Гайдара.]
ці́на, ‑ы, ж.
Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.
ці́ністы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты цінай, у якім многа ціны. Ціністая завадзь.
ці́ньканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цінькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Сады.. агалошваюцца нястомным ціньканнем сініц. Навуменка. Зноў чуецца тоненькае ціньканне сініцы. Ракітны.
ці́нькаць, ‑ае; незак.
Разм. Абзывацца гукамі, падобнымі на «цінь-цінь» (пра птушак, часцей сініц). Цінькае сініца ў асінніку. Вялюгін.
ці́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Ласк. Курыца.
ці́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Ласк. Курыца.
ціпу́н, ‑а, м.
Хвароба птушак — храсткаваты нараст на канцы языка.
•••
Ціпун на язык каму — нядобрае нежаданне таму, хто сказаў што‑н. непрыемнае, непажаданае. [Мігуцкі:] Пакуль вы надумаецеся, дык немец сцапае вас, як курапатку. [Ганна Якаўлеўна:] Ціпун вам на язык! Крапіва.
ціпча́к, ‑у, м.
Стэпавая кармавая расліна сямейства злакавых.