Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скры́панне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыпаць.

скры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і скрыпець. Пад нагой масніца Рэзка скрыпае, Капае вада Ды ціха хліпае. Панчанка.

скрыпа́ч, ‑а, м.

Музыкант, які іграе на скрыпцы. Манера трымаць скрыпку і смык і сама ігра сведчылі аб тым, што Іван Тадорык быў добрым скрыпачом. Колас.

скры́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да скрыпка. Падрос музыка, зрабіў сабе скрыпачку ды пайшоў у свет. Якімовіч.

скрыпа́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да скрыпач.

скрыпе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. скрыпець (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Скрыпенне варот. Скрыпенне палазоў.

скры́пень, ‑ю, м.

Высокая травяністая расліна сямейства скрыпнёвых з мяцёлкай пурпурна-ружовых або белых кветак і пушыстым насеннем.

скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.

1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.

2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.

скрыпі́ца, ‑ы, ж.

Разм. Скрыпка. А скрыпіца галасіла Смутнай восені дажджом, Адчувалася ў ёй сіла, Што лілася ручаём. Колас.

скрыпі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да скрыпкі. Скрыпічны смычок. Скрыпічныя струны. // Які выконваецца на скрыпцы, напісаны для выканання на скрыпцы. Скрыпічны канцэрт. Скрыпічная саната.

•••

Скрыпічны ключ гл. ключ (у 6 знач.).

скры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Самы высокі па тэмбру і дыяпазону чатырохструнны смычковы музычны інструмент. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. З дынаміка паплылі меладычныя гукі скрыпкі. Ваданосаў.

•••

Іграць першую скрыпку гл. іграць.