заўпа́рціцца, ‑рчуся, ‑рцішся, ‑рціцца; зак.
Разм. Пачаць упарціцца. // Праявіць непакорнасць, упартасць. — Маці тут жа хацела мяне забраць з сенажаці, але я заўпарціўся. Якімовіч.
заўсёдашні, ‑яя, ‑яе.
Які бывае заўсёды; пастаянны, звычайны. У цэху быў заўсёдашні рытм працы. Сабаленка. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.
заўсёднік, ‑а, м.
Разм. Сталы наведвальнік чаго‑н. Варта іншаму скептыку разок-другі наведаць гарадскі клуб турыстаў, пагутарыць з яго заўсёднікамі, як, глядзіш, праз пэўны час і ў яго з’яўляюцца сімптомы дзіўнага «захворвання» — імя якому турызм. «Звязда». Акрамя харыстаў і заўсёднікаў бібліятэкі — хлопцаў і дзяўчат, на голас баяна прыйшлі маладзіцы і пажылыя жанчыны. «Беларусь».
заўсёдны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і заўсёдашні. Наперакор звычаю, .. [Івану] не прысніўся яго заўсёдны, пакутны сон. Быкаў.
заўсёды, прысл.
У любы час, кожны раз, пастаянна. Заўсёды, уначы і ўдзень, на рабоце і ў часе адпачынку, кожную секунду, [Лялькевіч і Пеця] стаялі перад яе вачамі, і за абодвух яна хвалявалася, перажывала. Шамякін. Палескія людзі заўсёды як героі змагаліся з усялякімі акупантамі на беларускай зямлі. Чорны.
заўсміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць усміхацца.
заўсягды́, прысл.
Абл. Заўсёды. Я б хацеў цішыні Заўсягды на граніцы, Хай шуміць збажына, Носяць косы сівец. Ляпёшкін.
за́ўтра, прысл.
1. У наступны дзень пасля сягонняшняга. Сягоння субота, а заўтра нядзеля. З нар. песні. Сёння зробіш — заўтра як знойдзеш. Прыказка. // У недалёкім будучым; хутка. Не гавары, кім быў учора, Скажы, кім заўтра хочаш стаць. Жычка.
2. у знач. наз. за́ўтра, нязм., н. Наступны дзень за сягонняшнім. Адкласці на заўтра. Закончыць работу да заўтра. // Недалёкае будучае. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка. Грахоўскі. Уздымаліся тосты за гаспадароў,.. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.
•••
Да заўтра — а) да наступнага дня; б) прынятая форма развітання: да сустрэчы ў наступны дзень.
Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра гл. сягоння.
за́ўтрае, ‑ага, н.
Разм. Тое, што і заўтра (у 2 знач.). Не, яна не пойдзе адсюль да заўтрага, як ні цяжка сядзець тут, але яна не пойдзе. Лобан. Ростам гэтых гарадоў, заводаў і электрастанцый будзе адзначана хада ў заўтрае майго пакалення людзей, маіх равеснікаў. Галавач.
за́ўтрашні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да дня, наступнага за сягонняшнім; які будзе або адбудзецца заўтра. Заўтрашні дзень. Заўтрашняе чысло. Падрыхтавацца да заўтрашніх заняткаў. // перан. Які мае адносіны да недалёкага будучага. Заўтрашнія выпускнікі школы. / у знач. наз. за́ўтрашняе, ‑яга, н. — Заўтра заўтрашняе і будзе, Сашка, — сказаў прымірэнча Максім. Машара.
•••
Заглянуць у заўтрашні дзень гл. заглянуць.
Заўтрашні дзень гл. дзень.