Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

затлу́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да затлуміць.

затлумля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да затлуміцца.

затлумля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да затлуміць.

зато́е, злучн.

1. Злучае сказы і члены сказа пры замяшчальным супастаўленні; па значэнню адпавядае словам: «аднак», «але», «у той жа час». Жыта на «лужках» вымакла зусім, затое на гары і пад лесам сцяной ідзе. Лынькоў. У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. / Часта ў спалучэнні з «але», «ды». Не важна, хто каго перамог, але затое ўсім весела. Скрыган. І сілу [Марылька] мела, як у таго камара. .. Ды затое была .. такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

2. Ужываецца для выражэння выніку; па значэнню адпавядае словам: «таму», «у выніку гэтага». Нібы па кнізе ён чытае Чужыя мыслі ў галаве. Затое ж ён так хіліць, горне К сабе паноў і панскіх слуг. Колас. Часам кавалак у рот не лез ад стомы. Затое ж запас вадзіўся. Б. Стральцоў.

зато́енасць, ‑і, ж.

Уласцівасць затоенага.

зато́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад затаіць.

2. у знач. прым. Тайны, скрыты. [Чачык], падаўшы твару сур’ёзны выгляд, з затоенай радасцю загаварыў. Пташнікаў.

3. у знач. прым. Разм. Які хавае свае пачуцці, думкі, настроі; скрытны. Вярнулася Валя няхутка, гадзіны праз дзве, па-ранейшаму маўклівая і затоеная. Мележ.

зато́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. затойваць — затаіць.

зато́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да затаіцца.

2. Зал. да затойваць.

зато́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да затаіць.

зато́ка, ‑і, ДМ ‑тоцы, ж.

Невялікі заліў у рацэ або возеры; лука, завадзь. З чароту лодка выплыла ў ціхую затоку, усланую па вадзе шырокімі капелюшамі лістоў. Арочка. Дзедава вёска, Падвалока, стаіць на паўднёвым схіле нешырокай паўвыспы, якая, урэзваючыся ў возера доўгай касою, падзяляе яго на дзве затокі. Брыль.