заткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.
1. Закрыць якую‑н. адтуліну, засунуўшы ў яе што‑н.; заторкнуць. Заткнуць шчыліны мохам. Заткнуць вушы пальцамі. □ [Старая] заткнула пакуллем бутэльку і паставіла яе ў кут. Чыгрынаў. [Антон] заткнуў анучаю дзірку ў акне і агню не запальваў. Чорны. // Заціснуць (нос), каб не чуць дрэннага паху. Заткнуць нос.
2. Засунуць які‑н. прадмет за што‑н., куды‑н. Заткнуць сякеру за пояс. □ І не запхнуў, не заткнуў [дзядзька] пучок сена назад у вязку, панёс яго ў руцэ ў двор. Капыловіч.
•••
Заткнуць дзірку — ліквідаваць няхватку ў чым‑н., разлічыцца з даўгамі.
Заткнуць за пояс каго — перамагчы, перавысіць каго‑н. у чым‑н. Нават і зараз, нягледзячы на свае восемдзесят год, дзед Мікіта за пояс маладога заткне. Колас.
Заткнуць рот (горла, глотку) каму — прымусіць замаўчаць. — Чуеце, людзі добрыя, мне хоча рот заткнуць, каб я ні слова, ні паўслова. Сабаленка.
затлу́м, ‑у, м.
Тое, што і затлумленне. Затлум галавы.
затлумі́цца, ‑тлумлюся, ‑тлумішся, ‑тлуміцца; зак.
Разм. Страціць здольнасць ясна мысліць, лагічна разважаць; задурыцца. Гуляючы ў лесе, мы неяк затлуміліся і пайшлі не ў патрэбны бок, а ў адваротны. Дубоўка.
затлумі́ць, ‑тлумлю, ‑тлуміш, ‑тлуміць; зак., каго-што.
Пазбавіць здольнасці ясна мысліць, лагічна разважаць; задурыць. — Затлумілі мне галаву, вось і забыўся: твой жа праект аб адкрыцці дзіцячай пляцоўкі прынялі. Асіпенка.
затлумле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. затлумляць — затлуміць і стан паводле знач. дзеясл. затлумляцца — затлуміцца.
затлу́млівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да затлуміцца.
затлу́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да затлуміць.
затлумля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да затлуміцца.