Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. □ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

падчапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да падчапіцца.

2. Зал. да падчапляць.

падчапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падчапіць.

падчапны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які прычапляецца знізу, ззаду.

падчапуры́цца, ‑чапуруся, ‑чапурышся, ‑чапурыцца; зак.

Разм. Надаць сабе больш прыгожы выгляд; прыбрацца. Пасля вапны ўсе падчапурыліся, прычасаліся. Дубоўка.

падчарапны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Які знаходзіцца ўнутры чэрапа.

па́дчарка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Тое, што і падчарыца. Мачаха спаткала падчарку вельмі ласкава. Абняла, пацалавала. Шамякін.

падчарні́ць, ‑чарню, ‑чэрніш, ‑чэрніць; зак., каго-што.

Падфарбаваць чым‑н. чорным; зрабіць больш чорным.

падчарці́ць, ‑чарчу, ‑чэрціш, ‑чэрціць; зак., што.

Дадаць якія‑н. дэталі на чарцяжы.

па́дчарыца, ‑ы, ж.

Няродная дачка мужа ці жонкі (родная аднаго з двух). У першы ж дзень, выпраўляючы падчарыцу на працу, мачаха ёй сказала: — Усе грошы будзеш аддаваць мне. Гаўрылкін.