падчапіць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. ▪ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)