затаі́цца, ‑таюся, ‑тоішся, ‑тоіцца; зак.
1. Схавацца, прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Хлопцы затаіліся ў засені кустоў бэзу і сачылі адтуль за малымі. Шыловіч. Маленькі краб, выкінуты хвалямі на бераг, затаіўся пад каменем, дзе засталося крыху вільгаці, і пагражальна варушыць чорнымі клюшнямі. Бяганская. // перан. Разм. Імкнучыся застацца нявыяўленым, часова спыніць сваю дзейнасць. — Нам неабходна ўстанавіць пастаянны нагляд за Грыбоўскім і дзедам Гаўрылам. Толькі дзейнічаць трэба вельмі асцярожна. Пачнём ім мазоліць вочы, яны адразу здагадаюцца, затояцца... Курто. Белыя затаіліся, чакаюць большых сіл. Галавач.
2. перан. Скрыць, утаіць ад іншых свае думкі, пачуцці. Затаіцца ў сабе. □ Магла б тады ў крыўдзе затаіцца, Замкнуць давер’я дзверы на ключы І з пуцявіны выбранае збіцца, Навобмацак уперад ідучы, Калі б не дзядзька той мяне суцешыў. Лось.
затаі́ць, ‑таю, ‑тоіш, ‑тоіць; зак., што.
Скрыць, утаіць ад іншых (думкі, пачуцці і інш.). Затаіць сваю віну. Затаіць крыўду. Затаіць мару. □ Рэдкі казак не затаіў нянавісць да палкоўніка, калі была абвешчана воля апошняга: кожны казак, як і салдат, мусіў быў праходзіць строй. Мікуліч. Бацька будзе злаваць. Злосці сваёй ён не выкажа Алесю, затоіць яе ў сабе. Галавач.
•••
Затаіць дыханне (дых, дух) — стрымаць дыханне (перастаць дыхаць ад вялікага хвалявання, здзіўлення і пад.).
затакава́цца, ‑куецца; зак.
Цалкам захапіцца такаваннем (пра цецерука, глушца).
затакава́ць, ‑куе; зак.
Пачаць такаваць (пра цецерука, глушца).
зата́кт, ‑а, М ‑кце, м.
Няпоўны такт, з якога пачынаецца музычная фраза або мелодыя.
зата́ктавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да затакта.
затамі́цца, ‑тамлюся, ‑томішся, ‑томіцца; зак.
Разм. Стаміцца, замарыцца. Калі браты дабеглі да Сцёпкі, то яны моцна затаміліся ад шпаркага бегу, але твары іх былі вясёлыя. Колас. Затаміўся конь без меры — Да лясніцтва не давёз. Непачаловіч.
зата́нна, прысл.
Разм. За невысокую цану; дзешава, танна. Кастусь прадаў свайго каня перад самым вечарам, вельмі затанна. Чорны.
затану́лы, ‑ая, ‑ае.
Які затануў, патануў. Затанулая лодка.
затану́ць, ‑тану, ‑тонеш, ‑тоне; зак.
Пайсці, апусціцца на дно ракі, возера, мора і пад.; патануць. Карабель затануў. □ Куст, вырваны.. з зямлі, раптам паплыў на сярэдзіну і там затануў. Лупсякоў. Ці то паром быў перагружаны, а можа проста няспраўны, але ён затануў. Васілеўская. // Загінуць, апусціўшыся ў ваду; утапіцца. На вачах у мяне байдарка і пяць паляўнічых затанулі. Бяганская.