застудзі́ць, ‑студжу, ‑студзіш, ‑студзіць; зак., каго-што.
1. Ахаладзіць, замарозіць. Пабудзьце яшчэ, не ўцякайце з цяпла, Бо ў лесе застудзіце белыя ножкі. Грахоўскі.
2. Тое, што і прастудзіць (у 1 знач.). Застудзіць горла. Застудзіць грудзі.
застуката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Пачаць стукатаць. // Прастукатаць. У нас, у лесе, цішыня.. Хіба што дзяцел па сухадрэвіне застукоча, дык мы з такім лёскатам звыкліся. Новікаў.
застукаце́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Разм. Пачаць стукацець. // Прастукацець. Старшыня застукацеў лінейкаю па стале. Мурашка.
засту́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Разм.
1. Захапіць, застаць нечакана, на месцы злачынства. Зрабілі ўсё ўдала, ніхто .. не перашкодзіў [партызанам], не застукаў, радасныя выбеглі з раўка. Быкаў.
2. У дзіцячай гульні — стукам адзначыць знойдзенага. Урэшце .. [Вася] застукаў усіх, ён перамог. Дубоўка.
засту́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Пачаць стукаць.
за́ступ, ‑а, м.
Абл. Рыдлёўка, лапата. На .. цагельні заступам гліну капаюць, на тачках возяць. «Полымя».
заступа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да заступіцца.
заступа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да заступіць.
заступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., за каго-што і без дап.
Стаць на абарону каго‑, чаго‑н. Петражыцкага не каралі. Заступіўся Сямён Калінавіч. Пташнікаў. — [Булай] заўсёды заступіцца, дапаможа, калі хто са сваіх рабочых трапіць у бяду. Шыцік.
заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.
2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.
3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.
•••
Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.
засту́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Абл. Абарона, заступніцтва. — Я, вядома, не ў заступку трактарыстаў, хоць бы і таго ж Адама Бахрыма, але што праўда, то праўда! Кулакоўскі.