засто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да застаяцца.
засто́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да застою. Застойная вада. Застойны быт.
засто́ліца, ‑ы, ж.
Абл. Тое, што і застолле (у 2 знач.). Зазвінелі чаркі, забразгаў посуд. Застоліца загаманіла, зашумела. Хадкевіч. Дуняха, сціплая і ціхмяная, адмовілася верхаводзіць застоліцай. Ракітны.
засто́ліць, ‑столю, ‑століш, ‑століць; зак., што.
Паслаць столь. Застоліць хату.
засто́лле, ‑я, н.
1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.
2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.
засто́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да застоліць.
засто́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да застолля. [Алесь] адчуў сябе там, у іх шумнай застольнай кампаніі пакутліва чужым... Брыль. // Які адбываецца за сталом у час абеду, святочнага частавання і пад. Застольныя размовы. Застольныя песні.
2. у знач. наз. засто́льная, ‑ай, ж. Песня, якую спяваюць у час святочнага абеду, вячэры і пад. Пець застольную.
засто́парыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Спыніцца, спыніць сваю дзейнасць. Калі застопарылася адна з машын, у ваду пайшлі вадалазы. Лынькоў. // перан. Разм. Затрымацца ў сваім руху, развіцці. Работа застопарылася.
засто́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. што. Спыніць ход, дзейнасць (механізма, машыны і пад.). Застопарыць кола. // перан. Разм. Затрымаць ход, развіццё чаго‑н. У адной сям’і напярэдадні спраўлялі вяселле. Дык вось гэтыя маладажоны ўсю справу застопарылі. Апрача іх, не з’явіўся адзін чыгуначнік. Паслядовіч.
2. Разм. Тое, што і застопарыцца. Машына застопарыла.
застраката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.
Пачаць стракатаць.