засо́ўгацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць соўгацца.
засо́ўгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Пачаць соўгаць.
засо́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які страціў вільгаць; сухі, зацвярдзелы. Засохлая гразь моцна трымалася на .. ботах. Кавалёў.
2. Які завяў, загінуў ад неспрыяльных умоў (пра расліны). На маладых дубах трапяталася засохлае карычневае лісце, якое ўпарта не жадала пакідаць родныя галінкі. Шамякін.
засо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. засох, ‑ла; зак.
1. Страціўшы вільгаць, зацвярдзець, высахнуць (пра рэчывы). Гліна засохла. Хлеб засох. □ У нашым клубе вялікія светлыя вокны. На сценах толькі.. засохла жывіца. Брыль.
2. Завянуць, загінуць ад неспрыяльных умоў (пра расліны). Трава засохла. □ Лісце пакурчылася, усё ў дзірках, а некаторыя дрэвы зусім засохлі. Шашкоў.
3. перан. Разм. Схуднець, зачахнуць, змарнець.
4. перан. Разм. Спыніць творчы рост, перастаць удасканальвацца; закаснець. [Настаўнік] інспектарам зрабіўся І на інструкцыях засох. Ён выкладаць ужо не можа. Корбан.
заспакае́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. заспакоіць і стан паводле знач. дзеясл. заспакоіцца. Сваёю заяваю Мікіта ў значнай ступені паспрыяў заспакаенню таго разброду, што пачаўся паміж затонцамі. Колас. Адзіны выхад — трэба ехаць на Паволжа і там знайсці заспакаенне ў працы. Пестрак.
заспакая́льны, ‑ая, ‑ае.
Які памяншае ўзбуджанасць або знімае боль. Заспакаяльныя сродкі. // у знач. наз. заспакая́льнае, ‑ага, н. Лякарства, якое памяншае ўзбуджанасць або знімае боль.
заспако́енасць, ‑і, ж.
Стан спакою, ураўнаважанасці. І як толькі гэта рашэнне замацавалася, да Салаўёва прыйшла заспакоенасць, як быццам эшалон ужо, як гаварылі падрыўнікі, ляжаў у кішэні. Шахавец. // Задаволенасць дасягнутым; бестурботнасць, абыякавасць. — Аж чатырох байцоў мы тут згубілі. Вось да чаго заспакоенасць наша прывяла... Краўчанка.
заспако́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад заспакоіць.
заспако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.
Суняць свой неспакой, хваляванне, узбуджанасць; супакоіцца. Успамінаючы ўчарашнія Казюковы пагрозы, Каетан Гумоўскі ніяк не мог заспакоіцца. Броўка. Конь паставіў вушы, высока падняў галаву, але зараз жа заспакоіўся і захрумстаў траву. Колас. // на чым і без дап. Разм. Задаволіцца дасягнутым; стаць бестурботным, абыякавым. Заспакоіцца на дасягнутым. □ Мы вельмі заспакоіліся за часы вучобы, ад жыцця адарваліся. Галавач.