крутава́ты, ‑ая, ‑ае.
Даволі круты. Крутаваты пад’ём. □ Цяжка ўзыходзіць да Вялікага Каменя ад рэчкі: крутаватая, старчма ўзнятая сцежка. Баранавых.
крутаве́рхі, ‑ая, ‑ае.
З крутым верхам (кронай, дахам і пад.). Перад самым пераездам стаяў крутаверхі клён у шапцы густога маладога лісця. Колас.
крутаве́рць, ‑і, ж.
Разм.
1. Пра дрэннае надвор’е з мяцеліцай, завірухай. Нас «злыгаў» лёс на доўгія гады і пагнаў далёка ад родных мясцін у снежную крутаверць каржанскіх лясоў. Грахоўскі. Іду, крутаверцю белай Засыпаны да галавы. Цвірка. / у перан. ужыв. Расой чырвонай апаліў траву Хтось за мяне ў той чорнай крутаверці. Зуёнак.
2. Пра вірлівую ваду, паводку. Падмываючы жвір, глыбока ў бераг уразалася пляскотная крутаверць. Паўлаў.
крутаду́шнік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і крывадушнік; круцель.
крутало́бы, ‑ая, ‑ае.
З крутым лобам. Круталобая галава. Круталобы алень.
крутапле́чы, ‑ая, ‑ае.
З крутымі плячамі. Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто.
крутаро́гі, ‑ая, ‑ае.
З крутымі рагамі. Крутарогі алень.
крутасве́т, ‑а, М ‑свеце, м.
Разм. Тое, што і круцель. Пра Яўстрата ў Ельнічах ніхто слова благога не скажа. І пра самога, і пра трох яго сыноў. Праўда, толькі пра трох, бо чацвёрты, самы меншы, Юзік — такі ж крутасвет, што проста дзіва, у каго ён і ўдаўся. Вітка.